Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расія стварае Камітэт падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі 13:55, 16/02/2006
Расійская інтэлігенцыя заявіла сёння пра стварэнне “Грамадскага камітэта расійскай інтэлігенцыі ў падтрымку дэмакратычных выбараў у Беларусі”. Ініцыятыва стала вынікам сустрэчы ў Маскве прадстаўнікоў расійскай грамадскасці з лідэрам дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам.
Ініцыятарка стварэння Камітэта Ала Гербер, кіраўнічка фонду “Холокост”, плануе накіраваць заяву ў ЦВК Беларусі з просьбай дазволіць удзел ў якасці назіральнікаў не толькі афіцыйнай расійскай дэлегацыі на чале з У.Рушайла, але таксама і прадстаўнікам грамадскасці Расіі.
Прадстаўнікі расійскай інтэлігенцыі цікавіліся бягучай прэзідэнцкай кампаніяй, настроямі людзей, а таксама магчымасцямі развіцця расійска-беларускіх адносінаў пасля 19 сакавіка.
- Сёння ўлада лічыць, што для шчасця беларусам хапае чаркі і скваркі. Але паездзіўшы па рэгіёнах, разумееш, што людзям не хапае свабоды, свабоды асобы, свабоды меркаванняў і выказванняў, эканамічнай свабоды. Што тычыцца адносін нашых краінаў, мы перакананыя, што пасля перамогі на выбарах аб’яднаных дэмакратычных сіл, яны стануць лепш. Мы пазбавімся ад палітычнай кан’юктуры , бясплодных “гульняў у інтэграцыю” і будзем будаваць беларуска-расійскія стасункі на падставе адкрытасці і ўзаемапавагі, - адзначыў Аляксандр Мілінкеві.
У дыскусіі прынялі ўдзел Людміла Аляксеева, старшыня Маскоўскай Хельсінскай групы, Канстанцін Баравы, старшыня партыі Эканамічнай свабоды, Мікіта Высоцкі, дырэктар дзяржаўнага культурнага Цэнтра-музея Уладзіміра Высоцкага і сын паэта, Ала Гербер, кіраўнічка фонду “Холокост”, Марыета Чудакова, пісьменніца і літаратуразнаўца ды шэраг іншых вядомых расійскіх грамадскіх і культурных дзеячоў.
Сёння ў Маскве адбылася таксама сустрэча адзінага прэтэндэнта з кіраўніцтвам расійскага інфармацыйнага агенства “Інтерфакс”. У ёй таксама прынялі ўдзел Яраслаў Раманчук, адзін з распрацоўшчыкаў праграмы лідэра дэмакратычных сіл, і Мікіта Белых, старшыня СПС.
У гэтыя хвіліны адбываецца прэс-канферэнцыя Аляксандра Мілінкевіча, на якую акрэдытаваныя 84 расійскія і замежныя журналісты.