Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
За кратамі застаюцца сем актывістаў моладзевых рухаў 18:29, 20/02/2006
У менскім спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна адбываюць арышт пяцёра актывістаў моладзевых арганізацыяў. Яшчэ два палітвязні знаходзяцца ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Стан здароўя лідэра маладзёвага супраціву “Зубр” Яўгена Афнагеля, пагоршыўся: да яго выклікалі “хуткую”. У актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Касьпяровіча таксама праблемы са здароўем. 27 лютага яго прывязуць у суд Маскоўскага раёну Менску, каб судзіць за спробу замяніць дзяржаўны сьцяг на будынку Менгарвыканкаму на бел-чырвона-белы, паведамляе “Радыё Свабода”.
Маці Яўгена Афнагеля перадала яму неабходныя лекі. Ёй патэлефанавалі са спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку, дзе яе сын з 13 лютага адбывае 15 сутак арышту. Яўгена затрымалі за два дні да правядзеньня акцыі салідарнасьці. Паплечнікі актывіста моладзевага руху “Зубр” упэўненыя, што яго арыштавалі, каб пазбавіць магчымасьці ўдзельнічаць у акцыі. У той дзень разам зь Яўгенам затрымалі каля двух дзясяткаў сяброў “Зубру”. Усіх адпусьцілі, а Яўгена абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
“Абязбольвальныя яму давалі, але не дапамагаюць. Не схінуцца, не расхінуцца. Ну, вось цяпер патэлефанавала, сказалі, што горш ня стала… Кажуць, што, як стане горш, то зноў будуць выклікаць “хуткую”. Радыкуліт на нарах, канечне, цяжка лячыць, у халоднай камэры. Але гэта нікога не цікавіць”, -- паведаміла “Радыё Свабода” маці Яўгена Соф’я Афнагель.
Маці Зьмітра Касьпяровіча таксама непакоіцца за стан здароўя свайго сына. Зьмітра затрымалі 17 студзеня, калі былі моцныя маразы. Зьміцер прастудзіўся і хварэе дагэтуль. Умовы ізалятару не спрыяюць выздараўленьню. У камэры, разьлічанай на 12 чалавек, трымаюць 16. Маці Зьмітра пэнсіянэрка і сама мае праблемы са здароўем. Яе папрасілі не ісьці на суд 27 лютага, бо гэта можа справакаваць гіпэртанічны крыз.
Паводле заканадаўства, Зьмітра Касьпяровіча могуць пакараць штрафам, пазбаўленьнем альбо абмежаваньнем волі. Суд можа залічыць тэрмін арышту ў сьледчым ізалятары і вызваліць хлопца з-пад варты ў судовай залі.
Яшчэ адзін сябра “Маладога фронту”, Артур Фінькевіч, чакае суду ў СІЗА на Валадарцы. Яго таксама абвінавацілі ў злосным хуліганстве за графіці на агароджы: “Мы хочам новага!”.
Тры чалавекі за графіці адпушчаны пад падпіску пра нявыезд — Аляксандар Казакоў, Зьміцер Зубро і Аляксей Янушэўскі. Супраць кіраўніка Жодзінскай філіі “Маладога фронту” і кіраўніка штабу Аляксандра Мілінкевіча Паўла Красоўскага распачалі крымінальную справу за абразу службовай асобы. Падставай сталі карыкатуры ў газэце, якую выдае Павал.
26 лютага са спэцпрыёмніку выйдуць актывісты “Маладога Фронту” Алег Корбан, Барыс Гарэцкі і Павал Фігурын, арыштаваныя падчас акцыі салідарнасці 16 лютага. 28-га — лідэр “Зубу” Яўген Афнагель, а 3 сакавіка — актывіст “Зубру” Алег Мяцеліца, таксама арыштаваны падчас акцыі 16 лютага.