Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пагаршаецца стан здароўя палітвязня Сяргея Скрабца 10:06, 21/02/2006
Здароўе палітвязня Сяргея Скрабца пагоршылася. Пра гэта “Радыё Свабода” паведаміла жонка былога дэпутата Аляксандра Скрабец. Былы дэпутат, які 14 лютага быў асуджаны на два з паловай гады зьняволеньня, па-ранейшаму знаходзіцца ў менскім часовым сьледчым ізалятары. Тут ён будзе ўтрымлівацца да таго часу, пакуль улады не вызначаць, дзе дакладна Скрабец будзе адбываць тэрмін зьняволеньня.
Жонка Скрабца, Аляксандра, 21 лютага зьбіраецца падаць прашэньне, каб мужа пакінулі ў Менску. Яна, прафэсійны лекар, лічыць, што Сяргей сапсаваў сваё здароўе празь некалькі доўгатэрміновых галадовак. З гэтай прычыны сваякі былога парлямэнтара хацелі б, каб ён адбываў пакараньне ў сталіцы: тут лягчэй перадаваць лекі, калярыйныя прадукты харчаваньня. Тым больш, што апошнім часам стан здароўя экс-дэпутата пагоршыўся, – цьвердзіць Аляксандра Скрабец.
"Мы яму сёньня перадавалі лекі, вітаміны. У яго вельмі пагоршыўся зрок, і мы яму купілі акуляры", -- паведаміла Аляксандра Скрабец.
Спадарыня Скрабец гаворыць, што яе муж раней ніколі не карыстаўся акулярамі. Як лічыць жонка, гэта вынік галадаваньняў і нэрвовых перагрузак.
Сяргея Скрабца днямі ў ізалятары наведалі ягоныя бацькі і дачка. Паводле іх уражаньня, ён, нягледзячы на паграшэньне здароўя, па-ранейшаму духоўна ня зломлены – актыўна цікавіцца хадой выбарчай кампаніі.