Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Эўракамісія ўвядзе пасаду Часовага паверанага ў справах Беларусі 10:28, 22/02/2006
Эўракамісія мае намер ўвесьці пасаду Часовага паверанага ў справах Беларусі. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію “Радыё Свабода” паведаміў Дэрк Шубэль – кіраўнік аддзелу палітыкі прадстаўніцтва Эўракамісіі ў справах Украіны і Беларусі, якое месьціцца ў Кіеве. Спадар Шубэль, які прызначаны на гэтую пасаду месяц таму, цяпер знаходзіцца зь першым афіцыйным візытам у Менску, паведамляе «Радыё Свабода».
Кіеўскі офіс Эўракамісіі – выканаўчай улады Эўразьвязу – раней ахопліваў тры краіны: акрамя Беларусі і Ўкраіны яшчэ і Малдову. Але мінулай восеньню ўлады Малдовы далі згоду на адкрыцьцё ў Кішынёве самастойнага прадстаўніцтва. З аналягічным запытам Эўракамісія яшчэ год таму зьвярнулася і да беларускіх уладаў. Аднак да гэтага часу ніякага адказу зь Менску на ініцыятыву эўрапейскай супольнасьці не паступала.
Лідэр Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што нічога нечаканага ў паводзінах афіцыйнага Менску ён ня бачыць. Паводле спадара Лябедзькі, прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі неаднаразова папярэджвалі Эўразьвяз і Эўракамісію – беларускія ўлады будуць зацягваць вырашэньне гэтай праблемы, як мінімум, да лета.
Анатоль Лябедзька лічыць, што прызначэньне Часовага паверанага ў справах Беларусі стане крокам наперад з боку Эўразьвязу.