Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На спаборніцтвах «Лыжня-2006» памёр настаўнік фізкультуры 10:26, 24/02/2006
На раённых спаборніцтвах па лыжных гонках сярод прадпрыемстваў і арганізацыяў Случчыны памёр настаўнік фізкультуры. Спартовая імпрэза была арганізаваная аддзелам фізкультуры і спорту Cлуцкага райвыканкаму й праходзіла ў рамках агульнабеларускай кампаніі “Лыжня-2006”. Жонка памерлага намерваецца зьвярнуцца ў суд за тое, што ён не атрымаў своечасовай мэдычнай дапамогі, паведамляе “Радыё Свабода”.
Анатолю Алешку было 49 гадоў. Ён працаваў настаўнікам фізкультуры ў школе вёскі Лучнікі Слуцкага раёну. На здароўе ня скардзіўся, – кажа дырэктар Лучніцкай школы Натальля Гаўдзель.
“Вышлі ж усе – і цукровы завод, і аграфірмы. Кажуць, што многа людзей было й пажылых. Школы таксама ўдзельнічалі, і наша каманда была, а настаўнік фізкультуры яе ўзначальваў. На трасе яму стала кепска й ён упаў, не дайшоў дыстанцыю. Перанапружыўся, напэўна”, -- расказала «Радыё Свабода” Натальлі Гаўдзель.
Паводле Натальлі Гаўдзель, брыгада мэдыкаў, якая прыбыла на месца праз 11 хвілін, канстатавала сьмерць ад сардэчнай недастатковасьці. Гэта ж пацьвердзіў і пракурор Слуцкага раёну Ўладзімер Адоцік. Паводле яго, хваробы сэрца ў случакоў ня ёсьць рэдкасьцю.
На слуцкай “Лыжні-2006” дзяжурства “хуткай дапамогі” арганізавана не было. Кіраўнік аддзелу фізкультуры і спорту Слуцкага рыйвыканкаму Міхаіл Шангерэй кажа, што ўлады ня будуць адмаўляцца ад масавых лыжных гонак і надалей, бо гэтага ад іх патрабуюць зьверху.
“Праводзім штогод, бо ад нас патрабуюць зімовых відаў спорту. І гэта ж “Лыжня-2006” была абвешчаная прэзыдэнтам. Як бы там ні было, ужо ў наступныя такія спаборніцтвы будзем даваць каманду “хуткай дапамозе”, каб прыяжджала машына”, -- кажа Міхаіл Шангерэй.
Жонка памерлага Людміла Алешка заяўляе, што адной з прычынаў сьмерці сталася тое, што яе муж не атрымаў своечасовай мэдычнай дапамогі:
“Там гэтулькі людзей было, нават пэнсіянэры, усе людзі не трэніраваныя – лекара нават не было. Калі былі “Дажынкі”, нейкія ў іх былі “штабы”, – кожны раз дзяжурыў рэанімабіль. Там, бачыце, калі на некага накрычаць, то ім патрэбна неадкладная дапамога. А тут сабралі ўвесь горад – паказуху гэтую ўстройваюць – і ў іх няма лекараў. У труну загналі чалавека!”, -- кажа жанчына.
Паводле спадарыні Алешкі, яна намерваецца дамагчыся пакараньня вінаватых у трагедыі праз суд.