Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь прачынаецца са сну – гэтак Аляксандар Мілінкевіч, апазыцыйны кандыдат на прэзыдэнта, вітаў сваіх прыхільнікаў на мітынгу ў Горадні. У краіне нешта мяняецца – натоўпы людзей прыходзяць на сустрэчы з канкурэнтамі Аляксандра Лукашэнкі. Дык можа вынік выбараў не да канца прадвырашаны? – задумоўваецца цэнтрысцкая ўплывовая «Gazeta Wyborcza».
Польская штодзёнка паведамляе, што ў суботу на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам у Горадні прыйшло больш за 2 тысячы людзей, а ў нядзелю ў Баранавічах – больш за тысячу, у Лідзе – падобным чынам. Выбарцы запоўнілі залі таксама ў Ваўкавыску й Слоніме. У выходныя дні ў ягоны выбарчы штаб прыйшло больш за 200 новых чалавек з жаданьнем дапамагаць Мілінкевічу.
Столькі народу на апазыцыйных мітынгах даўно ў Беларусі не было. Людзі перастаюць баяцца, нягледзячы на тое, што ўсе сустрэчы здымаюцца на камэры КДБ, і публічна заяўляюць, што будуць галасаваць за апазыцыйных кандыдатаў.
КДБ спрабавала сарваць мітынг Мілінкевіча. У суботу ў Горадні паявіліся ўлёткі, у якіх заклікалі людзей прыйсьці на сустрэчу не пад гмах філярмоніі, дзе спатканьне было заплянаванае, але ў зусім іншае месца. А калі людзі пачалі сходзіцца, з натоўпам спрабавалі зьмяшацца маладыя людзі зь Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі БРСМ, які ў Беларусі пагардліва называюць Лукамолам. Аднак калі сарыентаваліся, што прыхільнікі Мілінкевіча ставяцца да іх варожа, уцяклі. Значыць правакацыя не ўдалася – заўважае „Gazeta Wyborcza”.
Аляксандар Мілінкевіч, які стаяў на фоне сьцягу Эўрапейскага Зьвязу, адзначыў, што сытуацыя зьмянілася – цяпер не яны баяцца ўлады, але ўлада іх. Кандыдат на прэзыдэнта заклікаў выбарцаў галасаваць так, як падпавядае ім сумленьне, а потым – прыйсьці на Кастрычніцкі пляц у Менску, дзе беларусы, падпобным чынам як украінцы восеньню 2004 году, будуць пратэставаць супраць дыктатуры й фальсыфікацыі выбараў.