Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Генерал Навумаў, Вам не сорамна? 12:47, 08/03/2006, Лiлiя Воранава, «Народная воля»
У Беларусi назiраецца новая тактыка барацьбы з iншадумствам — у ход пайшлi абвiнавачваннi ў гвалце над мiлiцыянерамi. Як вядома, у дзень, калi быў збiты i затрыманы кандыдат у прэзiдэнты Аляксандр Казулiн, у цэнтры Мiнска гучалi стрэлы. Па адной з машын, якая стаяла каля РУУС, стралялi з пiсталета. Юры Радзiвiл, гаспадар машыны, прыйшоў пiсаць адпаведную заяву ў пракуратуру, але там яго затрымалi: маўляў, не падпарадкаваўся супрацоўнiкам мiлiцыi. У той жа час сведкамi здарэння была вялiкая колькасць людзей. Ды i на фотаздымках добра бачна, што хлопцы ў цывiльным, якiя распачалi пальбу сярод белага дня па мiрных грамадзянах, не апрануты ў мiлiцэйскую форму. Хто яны? Можа, бандыты, калi дзейнiчаюць па-бандыцку? Не, адказвае пракуратура. Гэта нашыя. А ты, Радзiвiл, будзеш пакараны.
У вынiку разгону людзей ля Кастрычнiцкага РУУС сябра штабу Аляксандра Казулiна Iван Лабачоў апынуўся ў шпiталi. У яго зламаныя рэбры i пашкоджана печань. У адваката Iгара Рынкевiча страсенне мазгоў. Журналiст “Комсомольской правды в Белоруссии” Алег Улевiч у бальнiцы з пераломам носу i страсеннем мазгоў... Каго-небудзь пакараюць за гэта? Не сумнявайцеся, самiх пацярпелых. I такiя казкi будуць на судах расказваць, што можна толькi дзiвiцца: маўляў, пазбiвалi ўсiх байцоў, кiдалiся на iх, кусалi, рвалi на кавалкi, таму ў адказ мiлiцыя дзейнiчала адэкватна, прымянiўшы сiлу. Але дзесяткi людзей з`яўляюцца сведкамi таго, што ўсё гэта хлусня.
Мiлiцыянеры, напэўна, разумеюць, што такiя паводзiны — ганьба для формы i мiлiцэйскага звання. Таму апранаюцца для падобных “спецаперацый” у цывiльнае. I менавiта ад людзей у цывiльным спрабавалi баранiць актывiста маладзёжнага руху Алега Мяцелiцу выпадковыя сведкi здарэння. А адбылося вось што.
Сябры Алега Мяцелiцы сустракалi яго ля брамы спецпрыёмнiка-размеркавальнiка на вулiцы Акрэсцiна ў Мiнску. Аднак супрацоўнiкi ўстановы iм паведамiлi, што выпусцiлi хлопца на некалькi гадзiн раней пазначанага пратаколам тэрмiну. Сябры шукалi Алега да позняга вечара, тэлефанавалi жонцы ў Бялынiчы, дзе жыве Алег...
З цягам часу высветлiлася вось што. Вiдавочцы распавялi, што як толькi Мяцелiца выйшаў на вулiцу, да яго падышлi двое ў цывiльным i раптам павалiлiся на зямлю. Яны сказалi Алегу, што ў яго праблема, i патлумачылi, што ён iх... пабiў i мусiць за гэта адказваць. Людзi, якiя ўсё бачылi, абуралiся, спрабавалi баранiць Мяцелiцу. Тады гэтым, у цывiльным, прыйшлося “рассакрэцiць” службу, якую яны прадстаўляюць. Людзi абуралiся, выказвалiся, што падобныя дзеяннi падрываюць давер насельнiцтва да прадстаўнiкоў улады.
Але потым з`явiлiся iншыя сведкi, якiя пацвердзiлi факт дробнага хулiганства i падпiсалi адпаведны пратакол. У вынiку Мяцелiцы суд “зноў” выпiсаў арышт i такiм чынам на перыяд выбарчай кампанii нейтралiзаваў палiтычна актыўнага хлопца, надзейна схаваўшы яго за краты.
I гэта толькi прыклады апошнiх дзён. Яшчэ раней наша газета пiсала пра выпадкi, калi мiлiцыянеры, нават не пачырванеўшы, прад`яўлялi ў якасцi доказаў нападаў на сябе звычайныя драпiны i старыя сiнякi. Генерал Навумаў, цi не сорамна Вам? Да чаго ж мы дойдзем такiм шляхам?