Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Берасьцейшчына: як мяняюцца настроі падчас выбарчай кампаніі? 14:32, 14/03/2006
Як мяняюцца настроі людзей ў ходзе выбарчай кампаніі? «Радыё Свабода» высьветліла гэта на прыкладзе Берасьцейскай вобласьці.
Расказвае Ігар Маслоўскі, кіраўнік берасьцейскага абласнога выбарчага штабу Аляксандра Казуліна:
“Кампанія цяпер пайшла больш весела, асабліва пасьля выступу Аляксандра Казуліна. Яго пазнавальнасьць амаль 100 працэнтаў дасягае. Напрыклад, мы былі ў Жабінцы і Кобрыне – і ня важна, гэта нашыя прыхільнікі ці нашыя апанэнты – фактычна ўсе ведаюць Казуліна. Учора мы колькі гадзін правялі на рынку ў Кобрыне і Жабінцы. Пазаўчора – у Берасьці амаль шэсьць гадзін правялі на вуліцах, камандай, чалавек трыццаць. Спэцыяльныя накідкі пашылі з надпісам “Казулін”. Дарэчы, народ вельмі станоўча ўспрымае. Працэнтаў мо 5-7 – гэта людзі, якія ці адмаўляюцца штосьці браць, ці з імпэтам заяўляюць, што яны прыхільнікі прэзыдэнта”.
А вось як ацэньвае настроі на Берасьцейшчыне кіраўнік абласнога выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Юрась Губарэвіч:
“Мы адчуваем гэтыя зьмены, асабліва ў тых рэгіёнах, у тых гарадах, якія наведаў Мілінкевіч. На гэтых сустрэчах былі сотні, а то й тысячы людзей – як у Берасьці, Пінску, Баранавічах. Увесь той нэгатыў, які валяць сродкі масавай прапаганды на Мілінкевіча і яго каманду, зьнікае, калі людзі бачаць жывога Мілінкевіча, калі яны могуць задаць яму пытаньні. Яны разумеюць, што за гэтым чалавекам праўда – ён павінен перамагчы. Гэта іх натхняе – і гэта здымае страхі”.