Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аўтастоп «да апошняй дыктатуры» прыехаў у Варшаву (Фота) 14:38, 14/03/2006
13 сакавіка ўдзельнікі міжнароднай акцыі “Ці магу я атрымаць права?”, якія пратэстуюць супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, прыехалі ў Варшаву. Акцыю, у якой ўзялі ўдзел палякі, немцы, галяндцы ды іншыя, наладзіла праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя”.
Як паведамляе “Радыё Свабода”, 6 сакавіка з Амстэрдаму “да мяжы апошняй дыктатуры ў Эўропе” аўтастопам выехалі каля трох дзесяткаў студэнтаў з групаў падтрымкі “Міжнароднай амністыі”, якія па дарозе ладзілі інфармацыйныя акцыі – у Галяндыі, Нямеччыне – прысьвечаныя парушэньням правоў чалавека ў Беларусі.
Студэнты зь некалькіх эўрапейскіх краінаў маюць намер 16 сакавіка – за тры дні да выбараў – прыехаць на польска-беларускую мяжу, каб выказаць сваю салідарнасьць перадусім зь беларускай моладзьдзю.
Сёньня актывісты “Міжнароднай амністыі” былі ў Варшаве. У цэнтры гораду яны ўсталявалі вялікія партрэты зьніклых беларускіх палітыкаў і журналіста.
“Мы арганізавалі гэтую акцыю, у часе якой маем намер даехаць да мяжы зь Беларусьсю, каб паказаць, што паўсюль у Эўропе, вось як тут у Варшаве, мы можам свабодна пратэставаць супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а ў самой Беларусі гэта ўжо было б немагчыма. Сотні людзей прыходзілі на сустрэчы з намі ў Нямеччыне і Галяндыі”, -- паведаміў “Радыё Свабода” праваабаронца Валт Олбэрс з Галяндыі.
Па дарозе да беларуска-польскай мяжы, удзельнікі акцыі прапаноўваюць жыхарам розных краінаў запоўніць уласныя “бюлетэні для галасаваньня”, дзе галоўныя пытаньні – ці можна ў Беларусі свабодна выказваць уласныя меркаваньні, ці ёсьць свабода сходаў, выезду за мяжу і гэтак далей.
Вынікі гэтага міжнароднага галасаваньня будуць прадстаўленыя ў Беластоку праз два дні.