Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Дзень салідарнасці ў Вільні адбудзецца канцэрт N.R.M. 17:10, 16/03/2006
Літву ўпершыню наведае найпапулярнейшы беларускі рок-гурт “N.R.M.“. У Вільню гурт прыедзе 16 сакавіка для ўдзелу ў традыцыйнай “Акцыі беларуска-літоўскай салідарнасці”, якую ўжо ў пяты раз ладзіць Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў (JuBIC) у Вільні.
Акцыя ўжо прыцягнула вялікую ўвагу з боку зорак літоўскай эстрады і палітыкі – акрамя звычайных аматараў року і прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі, мерапрыемства наведаюць знакамітыя ў Літве Андрюс Мамонтовас, лідар гурта “Інкульто” Юргіс Діджюліс, а маладзёвы гурт “Скайдэрс” саспявае і некалькі песняў разам з “энэрэмаўцамі”.
“Канцэрт прадэманструе Літве вольную, смелую, дзёрзкую Беларусь. Рок – самы дэмакратычны кірунак музыкі, непадуладны ніякаму ўціску, таму ня дзіва, што ў Беларусі ён цяпер перажывае ўздым. Спадзяемся ўвагі таксама і з боку тых, хто мала цікавіцца палітыкай і каму, магчыма, ужо крыху надакучылі тыя ж самыя фразы пра дыктатуру ў Беларусі, але хто хоча ўжывую дакрануцца да культуры суседняй краіны,” – кажа старшыня JuBIC Вадзім Вілейта.
Паў-забаронены ў Беларусі, “N.R.M.“ паспяхова канцэртаваў у Нямеччыне, Украіне, Польшчы, а ў Вільні іх канцэрт „Revolution Rock“ напярэдадні беларускіх прэзідэнцкіх выбараў будзе прымеркаваны да Акцыі салідарнасці, што ладзіцца штомесяц 16 дня. Акцыя накіраваная на тое, каб нагадаць сусветнай грамадскасці аб становішчы ў Беларусі.
Канцэрт адбудзецца 16 сакавіка а 20.00 у сталічным клубе INTRO (Maironio 3, каля касцёла Св.Ганны). На 13.30 прадугледжаная прэсавая канферэнцыя з удзелам музыкаў і арганізатараў у інфармацыйнай агентуры BNS (Ягелонская 9/1). Праект падтрымаў Фонд спрыяння абароны грамадзян.