Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Тацяна Сьнітко: «Гэта быў тыдзень Свабоды» 15:54, 30/03/2006
"Радыё Свабода" таксама працягвае расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія пасьля разгрому намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя. Журналістка “Нашай Нівы” Тацяна Сьнітко пасьля пяці сутак “адсідкі” у Жодзіне выйшла на волю.
У Тацяны Сьнітко двое непаўналетніх дзетак, таму яна атрымала мінімальны тэрмін. Што прывяло яе на Кастрычніцкі пляц?
“Я павінна бачыць з самага пачатку і да самага канца жыцьцё людзей на гэтай плошчы. Я павінна была валодаць гэтай інфармацыяй, таму што я разумела, што ўлады пры горшым разьвіцьці падзеяў паспрабуюць усё гэта зганьбіць. Так і адбылося. Па-другое, я адчувала такое грамадзянскае пачуцьцё, якое штурхала мяне прысутнічаць. Нават і ня ведаю, што пераважала, -- распавяла Таццяна. -- Гэта быў дух людзей. Мяне ўразіла, што сабраліся вельмі розныя людзі, у звычайным жыцьці яны, можа, ніколі б не пазнаёміліся. Разумееце, калі побач дзяўчаты-эвангелісткі, якія сьпяваюць малітвы, а разам зь імі хлопцы-панкі. І яны ўсе кажуць пра радзіму, пра Беларусь. І так гэта шчыра ў іх! Разумееце, пачуцьцё еднасьці, пачуцьцё пляча побач”.
Самае цяжкае ў вязьніцы, лічыць Тацяна, – адсутнасьць інфармацыі. Пра тое-сёе яны даведваліся з афіцыйных навінаў – у камэры працавала радыё “Сталіца”. Зь інфармацыі пра пікеты БРСМ каля замежных амбасадаў зрабілі свае высновы. А яшчэ ў адной дзяўчыны цудам застаўся мабільнік, ёй расказалі пра Дзень Волі, і гэтыя зьвесткі па вэнтыляцыі імгненна распаўсюдзіліся па Жодзінскім СІЗА…
Пасьля выхаду з СІЗА першае, што зрабіла Тацяна, – панесла перадачы тым, хто застаецца за кратамі. Цяпер рыхтуе сэрыю рэпартажаў у “Нашу Ніву”.
“Я тут падлічыла, што лягер пратрымаўся столькі ж, колькі я была ў зьняволеньні. Калі скласьці разам, гэта тыдзень майго жыцьця. Я б сказала, што гэта тыдзень свабоды. Таму што мы спачатку выстаялі, потым мы выседзелі. На жаль, многія застаюцца там. І я адчуваю пастаянна нават віну, што яны там, а я тут. Таму стараюся рабіць, што магу. Каб спрыяць ну не вызваленьню, а хаця б інфармацыі пра гэта ўсё”, -- кажа журналістка.