|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
«Дзіўна, але там насамрэч было супер... » 16:50, 30/03/2006 Дзіўна, але там насамрэч было супер. Мы паміж сабой называлі гэта курортам, санаторыем. Так, было нясьцерпна халодна, мы амаль не спалі, за найвялікшае шчасьце лічылася на волі схадзіць у душ. Але ўсё адно там было добра. Дарэчы, дзіўна зьмянілася сістэма каштоўнасьцяў – калі праз два дні сядзеньня ў адной і той жа вопратцы нам прынесьлі першую перадачу, у якой былі вільготныя сурвэткі і пракладкі, мы радаваліся, як дзеці. Вось яны, заганы цывілізацыі і адначасова спосаб прыгнёту – брудны чалавек ужо не адчувае сябе чалавекам. Ён прыніжаны тым, што ў яго няма мажлівасьці памыцца і памяняць бялізну, прыніжаны тым, што яго трымаюць брудным. Прыніжэньняў хапала і іншых – хамства і лаянкі ахоўнікаў (ды і ўсіх астатніх, проста ахоўнікаў бачылі часьцей), іх пошлыя жарты, улюлюканьне за дзьвярным вочкам – такое, нібы яны прыйшлі ў заапарк і разглядаюць зьвяроў, спрабуючы справакаваць іх на нейкія дзеяньні. Усё ж мне думаецца, што галоўнае – не паказваць, што на цябе гэта дзейнічае. Галоўнае сьмяяцца. Калі ахоўнікі бачылі, што мы ўвесь час сьмяемся, сьпяваем, што нам ДОБРА, яны пачыналі шалець. Ахоўнікі не разумелі, як тут можна сьмяяцца, як тут можна не плакаць, як тут можа быць добра. Адзін зь іх нават неяк вылаяўся, сказаўшы, што з намі горш, чым з “угалоўнікамі”: тыя, калі ім робяць заўвагу, адказваюць “Віноват, гражданін начальнік”, а мы пачынаем сьмяяцца, зьдзеквацца, ёрнічаць, карацей – сто словаў у адказ на адно. Калі мы сыходзілі, яны ў нас пыталіся: “Ну што, пойдзеце яшчэ на мітынг?” Адказваем: “Абавязкова! Вы сабе не ўяўляеце, як у вас тут здорава, нам так спадабалася, столькі новых знаёмых, так што будзем шукаць любой нагоды зноў сюды патрапіць”. Яны пачыналі крычаць: “Гэта ня вам пятнаццаць сутак далі, гэта нам пятнаццаць сутак далі, мы тут ці ня круглыя суткі працуем, сям’і ня бачым!”. Мы ім: “Мы таксама добра разумеем, што гэта мы вас сьцеражэм, таму што гэта вы – панурыя і злыя, ня ведаеце цэнзурных словаў і г.д. А мы – прыгожыя, разумныя і вясёлыя”. Гэта – ім на разьвітаньне. Па тым, як ахоўнікі лаяліся матам, улічваючы, што ў камэры сядзела некалькі “мацяршчыньнікаў”, мы зрабілі выснову, што ў міліцыянтаў проста іншая карціна сьвету – за мат яны прымалі ўсе незразумелыя ім словы кшталту – інсьпірацыя, экзэкуцыя і г.д. Дык вось, мы там толькі і рабілі, што весяліліся – так, што нават сёньня яшчэ баліць жывот сьмяяцца. У адзін чароўны дзень знайшлі спосаб перамаўляцца па вентыляцыі з паловай паверху. (Ёсьць яшчэ і іншая вентыляцыя, якая дазваляе перамаўляцца па вертыкалі, але мы да яе не далезьлі). “Хто так праектуе і будуе!” – абуралася Насьця, якая вучылася на архітэктара. Пасьля таго, як мы ўбачылі, што вентыляцыйная труба ідзе па калідоры і там бегае ахоўнік, нэрвова азіраючыся, Наста сказала: “Добра спраектавалі і пабудавалі – можна хадзіць і слухаць”. Вентыляцыя нам перадала, што сюды ідзе 15 тысячаў народу, а пасьля – пра штурм намётавага гарадка. Так што больш-менш, але былі ў курсе навінаў. Па вентыляцыі хлопцы спрабавалі знаёміцца зь дзяўчатамі, раз-пораз чулася рагатаньне або з мужчынскай, або з жаночай камэры: калі хтосьці размаўляе, усе слухаюць, падказваюць, сьмяюцца. Так даведаліся, што ў суседняй камэры сядзіць Багдан Арлоў – ён, пачуўшы, што я выходжу, папрасіў перадаць свайму бацьку, што патрэбныя цыгарэты і запалкі, шмат цыгарэтаў і запалак. На трэці дзень жыцьця там разжыліся алоўкам і сшыткам, вялі бартавы журнал. Запісамі зь яго дапоўню гэтыя нататкі пасьля, бо застаўся журнал у камэры “адзін пяць”, для працягу. Але На трэці дзень прыйшла і першая перадачка – з газэтамі. У адной зь іх – як ведалі бацькі, што перадаваць!!! – быў артыкул пра нейкую расейскую вязьніцу з турэмным жаргонам, які мы адразу сталі вывучаць. Шконкі, шлёмкі, баландарша, дальняк, пятак, паляна, тармазы – шакавалі гэтым супрацоўнікаў Акрэсьціна, дзіўна, але яны ня ведаюць такіх словаў. Затое, на другую ноч нам зусім не выключалі сьвятла. Ахоўнікі адмаўляліся праз тое, што, маўляў, тады нічога не відаць праз вочка, што дзееца ў камэры. Зранку, калі ўжо на поўную моц сьвяціла сонца, я падышла да дзьвярэй, выклікала яго, я сказала: “Да нас прылятаў Паца Ваца, прасіў удзень эканоміць электрычнасьць і выключаць сьвятло”. Трэба было бачыць твар ахоўніка, які перапытаў: “Хто прылятаў?” Адказваю: “Паца Ваца”. Для ахоўнікаў, як аказалася, гэта аўтарытэт. Сьвятло выключылі. Калі нас толькі туды “засялілі”, у камэраў яшчэ не было сваіх нумароў і ахоўнікі ўвесь час блыталіся, начальства не разумела, хто дзе сядзіць, ахоўнікі ня ведалі нават колькі чалавек у якой камэры – увесь час перапытвалі: колькі вас тут? Праз колькі дзён нашую камэру пачалі называць “адзін пяць”. А калі мы адказвалі, што нас тут дзесяць чалавек, яны чамусьці ўпарта чулі “адзін” – так і перадавалі далей. З чаго мы зрабілі выснову, што міліцыянтам не ўласьцівая здольнасьць разумець і ўспрымаць двухзначныя лікі. Камэра не пятнаццатая, а адзін пяць, чалавек ня дзесяць, а адзін – усе ж ведаюць, што нуль нічога не азначае. І гэтак далей. Міліцыянтаў туды скідалі з усяго гораду, з гарадскіх РАУСаў. І амаль шторазу – новых. Таму яны нічога ня ведалі. - Дзе начальства? - Ня ведаю. Я тут не працую, я тут першы раз. - Дзе фельчар? - Ня ведаю. - Можна ўзяць з уласных рэчаў цёплае адзеньне? - Ня ведаю! Я ж вам кажу, я тут першы раз! Я ня ведаю! - Ну схадзіце даведайцеся або нас адпусьціце спытаць! Мы ж ня можам схадзіць. - А куды я пайду даведвацца? У каго? - У начальства. На першым паверсе ў каго-небудзь. - Дзе першы паверх я таксама ня ведаю!!! Быў яшчэ адзін чароўны варыянт дыялогу: усё тое, што вышэй у розных варыяцыях, але іншая канцоўка: - Як Вашае прозьвішча? Пасьля гэтага быў або лязг дзьвярыма, або таксама на аўтамаце адказ “я ня ведаю”. Зроблена ў Беларусі. Краіна, у якой так хочуць жыць усе міліцыянты, зрабіла ім такія дзьверы ў новым корпусе, што тыя ўвесь час ламаліся. Па пяць хвілінаў зачынялі замкі і самі камэнтавалі “Зроблена ў Беларусі”. Вывальваліся дэталі, калі спрабавалі адчыніць кармушкі – урэшце, нават ежу нам давалі, адчыняючы дзьверы, што забаронена. Быў толькі адзін міліцыянт, які ўмеў нармальна адчыняць кармушкі – ласкава, нібы сумуючы па сваёй жонцы, ён адчыняў яе амаль бяз стратаў з абодвух бакоў – хіба што гэта працягвалася досыць доўга. Суцэльны пазытыў, крэатыў і аптымізм у камэрах. Шэрасьць і безнадзейнасьць – з гэтага боку кратаў. Свабода там, бо можна сьпяваць песьні, выкрыкваць лозунгі, казаць, што хочаш, бо па-першае, горш ужо ня будзе, і так сядзіш, а па-другое, карцараў не так шмат, як наведвальнікаў. І страх сьпяваць, казаць, несвабода тут. Калі мяне выпускалі, я не адчувала шчасьця. Не хацелася выходзіць. Адно што – чакалі справы, шмат справаў, якія мусіла вырашыць ашчэ да адсідкі. Выходзіш на вуліцу і ня ведаеш, што рабіць далей. Стабільнасьць, за якую галасавалі “82 адсоткі” выбарнікаў – там, за сьценамі Акрэсьціна. Там заўсёды ўпэўнены ў заўтрашнім дні. А тут – не. Я ня ведаю, што б я рабіла без гэтых тэлефанаваньняў у дзень маёй Волі. Дзякуй сардэчны ўсім. Таксама дзякуй тым, хто маяўся са мной цэлы вечар, бадзяючыся па вуліцах. Выйшаўшы на не-свабоду, я згубіла ўсякую арыентацыю ў прасторы – ня ведала, куды ісьці, забывала, што трэба зрабіць. Словы “Абонент временно недоступен” як ніколі набылі сэнс. Тэлефаную знаёмым – больш за палову недасяжных. Трэба спадзявацца – часова.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|