Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пасьля 10 сутак арышту на волю выйшаў вядомы грамадзкі дзяяч і журналіст з Горак, карэспандэнт belngo.info Эдуард Брокараў. Прапануем увазе чытачоў ягоныя нататкі.
У час разгрому намётавага гарадка рэжым прадэманстраваў схільнасьць да крымінальнага стылю кіраваньня. Прадстаўнікі дзяржавы, якія ўголас крычаць аб незаконнасьці акцыяў пратэсту, апранутыя ў чорную гэстапаўскую форму, ноччу, нібы рабаўнікі, накінуліся на мірных грамадзянаў, маючы, гледзячы па ўсім, мэту зрабіць усе “па-ціхаму”, далей ад людзкіх вачэй.
Многія з тых, каго ўначы 24-га сакавіка сілай сагналі з намётавага гарадка, лічаць сябе натуральна абрабаванымі — пасьля нападу спэцназу на плошчы засталася і кудысьці зьнікла вялікая колькасьць каштоўных рэчаў, якія належаць удзельнікам акцыі пратэсту. Аб нейкіх захадах уладаў па вышуку іх уладальнікаў дагэтуль невядома.
У час затрыманьня па людзях, кінутых на падлогу аўтазакаў, спэцназаўцы хадзілі нагамі. У дзень судоў, міліцыянты зьдзекваліся над затрыманымі, гадзінамі не выпускаючы іх у прыбіральню, не дазваляючы тэлефанаваць сем’ям і нават паліць. Першую ежу вязьні акрэсьцінскага “Абу-Грэйба” атрымалі амаль праз двое сутак пасьля затрыманьня. Часьцяком людзям адказвалі нават у мэдыцынскай дапамозе — вядомы выпадак, калі юнак, хворы на сэрца, дачакаўся выкліку “хуткай дапамогі” толькі на наступны дзень. Пры гэтым, міліцыянты ўвесь час абвінавачвалі хлопца ў спробе “адкасіць” ад адбыцьця пакараньня.