|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Уладзімер Шадэнка: «Ня тыя мы людзі, каб баяцца ісьці пад дубінкі...» 11:07, 04/04/2006 Калі па беларускім тэлебачаньні сказалі, што ў Менску пацярпеў толькі адзін дэманстрант, абураны Ўладзімер Шадэнка, які трапіў у 4-ы клінічны шпіталь з прынамсі яшчэ трыма пацярпелымі, патэлефанаваў у рэдакцыю газэты “Наша Ніва”. Інтэрвію са зьбітым удзельнікам дэманстрацыі рабіў журналіст Аркадзь Шанскі. (Шанскі:) “Да нас затэлефанаваў падпісчык, сказаў, што хоча аднавіць справядлівасьць: ён быў моцна зьбіты 25-га сакавіка, аднак ні ў воднай справаздачы не было ягонага прозьвішча. Мяне вельмі ўразіла тое, што гэты 65-гадовы чалавек – колішні малалетні вязень Асьвенцыма, у нашыя дні фактычна стаў ахвярай сёньняшняга рэжыму”. У часе інтэрвію высьветлілася, што Ўладзімера Шадэнку прывезьлі ў шпіталь з адкрытай траўмай галавы, аднак роўна праз тры гадзіны выставілі адтуль, наклаўшы павязку і выдаўшы даведку: “быў у стане алькагольнага ап”яненьня”... Між тым, Уладзімер Шадэнка праехаў за рулём уласнае машыны амаль 300 км да Менску . Таго самага дня ён зьбіраўся вяртацца дадому. Для Радыё Свабода спадар Шадэнка наноў узгадаў усё, што зь ім тады адбылося – з самага пачатку, калі ён трапіў на мітынг у Купалаўскім сквэры. (Шадэнка:) “Усё гамоняць, гамоняць. Колькі ж можна! Ну, думаю, дарма прыехаў! А калі сказалі, што пойдзем на Акрэсьціна, на знак салідарнасьці з затрыманымі, дык я й пасунуўся з усёй кампаніяй. І ішлі ж акуратна, па ходніках, на чырвонае сьвятло спыняліся, нікога не чапалі, наадварот, крычалі “Міліцыя з народам!” А тут на табе: з дубінамі на такую мірную дэманстрацыю! Пачалі са мной тузацца – крутыя “паўлючэнкаўцы” зь дзедам бяззбройным! Ды яшчэ лупанулі ззаду, а потым, як чалавек упаў, яшчэ лупілі. Вакол загаласілі: “Забіваюць! Забіваюць”! Больш нічога ня памятаю...” Гледзячы разгон дэманстрацыі па тэлевізары, даўняга знаёмца Шадэнку пазнаў віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, рэдактар і выдавец незалежнай газэты “Выбар”. (Хамайда:) “Гэта было пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2001-га году. Ён падышоў да мяне й пытаецца: “Ці выходзіць “Выбар”?” Адказваю: “Не. Няма зараз грошай на газэту” . А ён кажа: “Рыхтуй газэту. Я дам грошы.” І даваў некалькі разоў. У мяне склалася аб ім такое ўражаньне, што ён, калі трэба, можа за Беларусь і жыцьцё аддаць.” Выхаванец гарадзенскага дзіцячага дому, Уладзімер Шадэнка аб”езьдзіў калісьці увесь Савецкі Саюз: працаваў у Расеі і на Ўкраіне, зарабляў “вялікія грошы” ў Якуціі ды Магадане, але 15 год таму вярнуўся ў Беларусь. (Шадэнка:) “Ня тая там культура, ня той народ Я ж беларус, і мяне заўсёды абражае, калі мяне завуць “малодшым братам”, зьневажаюць гісторыю, культуру. Я тады заўжды ўступаю ў спрэчкі, прыводжу доказы”. Тая самая рашучасьць, кажа Ўладзімер Шадэнка, прывяла яго і ў першыя шэрагі дэманстрантаў. (Шадэнка:) “Ай, колькі ляманту: “Застрашылі ўсіх!” І Ню-Ёрк піша, і Эўропа. Ты ж пра частку пішы, а не пра ўсіх! Мяне ніхто не застрашыў, і я не баюся. Я ж і тым паказаў, якія ішлі ды ў шчыты грукалі, што ня тыя тут людзі сабраліся, ня тыя!” Разважаючы пра тое, чаму яго не перасьледвала міліцыя са спэцслужбамі, а ў шпіталі не пазначылі, што ён зьбіты дэманстрант, Уладзімер Шадэнка прыйшоў да простае высновы: дзяржаве сорамна паказаць той факт, што ад амонаўскіх дубінак пацярпеў не “адмарозак”, як кажуць па тэлебачаньні, а вязень фашызму і пенсыянэр. Паводле беларускіх СМІ, такіх людзей у Беларусі берагуць і шануюць... Але дакумэнтальныя здымкі, дзе ён ляжыць з прыбітай галавой пад нагамі амонаўцаў, бачылі ці не ва ўсім сьвеце.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|