Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Праўда і свабода альбо гвалт і хлусьня 15:01, 10/04/2006
Беларускія інтэлектуалы, людзі мастацтва і культуры, журналісты зьвярнулися да сваіх калег, усіх сумленных грамадзянаў Беларусі з заклікам не падтрымліваць дзеяньняў рэжыму, скіраваныя супраць уласных грамадзянаў, дэмакратычных каштоўнасьцяў, нашай культуры і мовы. Прапануем тэкст звароту, надрукаваны ў “Нашай Ніве”.
Сёньня ў нашай краіне пануюць гвалт, хлусьня і цемрашальства. Журналісты дзяржаўных СМІ вядуць «духоўную» вайну супраць усяго цывілізаванага сьвету і ўласнага народу. А нашы міліцыянты сталіся адзінай крыніцай «праўдзівых» сьведчаньняў у судах.
Як паказалі арышты сотняў людзей, нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, у краіне сапраўды дзейнічае прынцып «аднаго акна». Празь яго зьняволеным падаюць у турмах баланду.
Хлусьня – гэта не адсутнасьць праўды. Гэта калі яе выдаюць за праўду. А каб у такую «праўду» паверылі, улада зачыняе незалежныя выданьні. Журналістаў, якія працуюць у іх, зьбіваюць і арыштоўваюць. Звычайнай практыкай зьяўляюцца звальненьні з працы і выключэньні з навучальных установаў паводле палітычных матываў.
Рэжым, відавочна, хоча ўтрымацца на брутальнай сіле і запалохваньні людзей. Але пасьля 19 сакавіка 2006 году ў грамадзтве адбыўся зрух: беларусы прадэманстравалі волю да Свабоды.
Мы, беларускія інтэлектуалы, людзі мастацтва і культуры, журналісты, зьвяртаемся да сваіх калег, усіх сумленных грамадзянаў Беларусі з заклікам не падтрымліваць дзеяньняў рэжыму, скіраваных супраць уласных грамадзянаў, дэмакратычных каштоўнасьцяў, нашай культуры і мовы.
Ня бойцеся! Перамога Свабоды непазьбежная.
Жыве Беларусь!
Валянцін Акудовіч, філёзаф; Алесь Анціпенка, філёзаф; Уладзімер Арлоў, пісьменьнік; Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі; Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі; Лявон Баршчэўскі, перакладчык; Лявон Вольскі, рок-музыка; Радзім Гарэцкі, акадэмік; Сяргей Дубавец, журналіст; Максім Жбанкоў, кінакрытык; Кася Камоцкая, сьпявачка; Аляксандар Кульлінковіч, рок-музыка; Аляксей Марачкін, мастак; Генадзь Сагановіч, гісторык; Віталь Сіліцкі, палітоляг; Аляксандар Старыкевіч, журналіст; Валянцін Тарас, пісьменьнік; Валянціна Трыгубовіч, мастацтвазнаўца; Андрэй Хадановіч, паэт