Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Эўразьвяз за вашую й нашую за свабоду»– гэта загаловак артыкулу ў цэнтрыскім выданьні "Gazeta Wyborcza". Марцін Басацкі сьцьвярджае ў ім, што замежная палітыка Эўразьвязу застанецца ілюзіяй, пакуль па такіх пытаньнях як Беларусь Эўразьвяз не загаворыць адным голасам.
Спрэчка паміж прыхільнікамі «рэалізму»й «ідэалізму» ў міжароднай палітыцы ня новая. «Рэалісты» кажуць, што няма сэнсу ангажавацца ў дэмакратычныя праекты ў розных «экзатычных» краінах, бо гэта толькі стварае праблемы. Калі нейкай краінай кіруе дэспат, відаць, яна не дасьпела да дэмакратыі. «Ідэалісты”, наадварот, сьцьвярджаюць, што міжнародную заангажаванасьць на карысьць прыгнечаных грамадзтваў можна абгрунтаваць ня толькі маральнымі аргумэнтамі, але таксама інтарэсамі Захаду. Пагрозы, якія выклікаюць таталітарныя рэжымы, альбо дзяржавы, якія ахапіў хаос, могуць стаць пагрозай і для нас. Лепш зь імі зьмерыцца загадзя, і не чакаць катастрофы – прапануюць «ідэалісты”.
Апошнія тыдні далі нам чарговы ўрок эўрапейскага «рэалізму» – сьцьвярджае Марцін Басацкі на старонках выданьня "Gazeta Wyborcza" – на гэты раз у дачыненьні да Беларусі. Ужо пасьля фальсыфікацыі выбараў А. Лукашэнкам, пасьля сотняў арыштаў дзеячоў апазыцыі, Эўразьвяз не схацеў, нягледзячы на намовы Польшчы, Летувы й Чэхіі, прадпрыняць крокі больш жорсткія, чым проста камунікаты аб «асуджэньні й занепакоенасьці”.
Жыцьцё прымусіла Эўропу да больш актыўных дзеяньняў. Толькі пасьля таго, як Лукашэнка брутальна разьбіў намётавае мястэчка, аддубасіў шматтысячную мірную дэманстрацыю, Эўразьвяз нарэшце пагадзіўся на санкцыі: у панядзелак быў абвешчаны сьпіс з прозьвішчамі 31 высокага функцыянэра рэжыму, якіх ня пусьцяць на тэрыторыю супольнасьці. Гэта прагрэс, але далей мусяць ісьці наступныя крокі. Эўропа павінна падрыхтаваць плян дапамогі для рэпрэсаванай апазыцыі, прызначыць сродкі на стыпэндыі для студэнтаў і грамадзкіх дзеячоў, паклікаць Адмысловага прадстаўніка ЭЗ па Беларусі – піша Марцін Басацкі і працягвае:
Краіны таксама ня могуць надалей заплюшчваць вочы на ролю, якую адыгрывае ў справе Беларусі Масква. Гэта кпіна, калі на адным дыханьні, як гэта зрабіла міністар замежных справаў Аўстрыі Уршуля Плясьнік, казаць пра санкцыі й пра тое, што ЭЗ пракансультуе з Расеяй палітыку ў дачыненьні да Лукашэнкі. А ў гэты час Крэмль заявіў, што ў беларускіх выбарах ён не заўважае нічога, што выклікала б засьцярогі. Каб дапамагчы дэмакратыі ў Беларусі, Эўразьвязу нельга казаць, што Эўропа заканчваецца на ўсходніх межах Польшчы, Баўгарыі й Румыніі.
А калі ва Ўкраіне якраз перамагае дэмакратыя, і яна мае шанцы перамагчы ў Беларусі, то гэта не адбываецца з дапамогай Эўрапейскага Зьвязу. Гэтак адбываецца таму, што народы выбіраюць дэмакратыю замест дыктатуры – піша "Gazeta Wyborcza".