|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Андрэй Хадановіч: «Калі выбухалі газавыя гранаты, музы не маўчалі» 15:19, 13/04/2006 (Міхась Скобла: ) “Андрэй, ваш зварот адрасаваны “ўсім сумленным людзям Беларусі”. Хіба сумленныя людзі ня ведаюць беларускіх рэаліяў?” (Андрэй Хадановіч: ) “Сумленным людзям зь некалькіх прычынаў трэба нагадваць простыя ісьціны. Бо сумленныя людзі, па-першае, часам бываюць інтэлектуаламі-снобамі й лічаць, што актыўныя сацыяльныя дзеяньні не для іх, бо яны “працуюць зь вечнасьцю” й гэтак далей. Па-другое, сумленныя людзі часам хварэюць на баязьлівасьць. Ёсьць такая інтэлігенцкая хвароба. Зручны фатэль, кніжачка, газэтка, інтэлектуальная дзейнасьць… Слова, зьвязанае з рызыкай, часам не для іх. Вось жа, я вельмі цешуся, што ўсё больш і больш такіх сумленных людзей пераадольваюць падобныя комплексы, разумеюць, што прыходзіць час, калі лёс, будучыня, свабода (даруйце за патасныя словы, я ня часта іх ужываю) залежаць ад іх асабіста. Мне здаецца, такі час настаў і трывае. Словы адозвы б’юць у дзясятку. Падпісваюся і пад гвалтам, і пад цемрашальствам, і пад хлусьнёю”. (Скобла: ) “Можа, варта было б апэляваць да тых, хто чыніць усе гэтыя беззаконьні?” (Хадановіч: ) “Мы нядаўна гэтым займаліся. На вуліцах, на пляцах зьвярталіся да гэтага рэжыму, па-дзіцячы ўгаворвалі гэтага інфантыльнага прэзыдэнта: ну, калі ласка, ну, Аляксандар Рыгоравіч, у вас яшчэ ёсьць магчымасьць ня быць апошнім дыктатарам, а ёсьць магчымасьць годна сысьці першым прэзыдэнтам... Усякія звароты да месца. І заклікі-воклічы накшталт “Міліцыя з народам!”, зьвернутыя да амапаўцаў, усё гэта пайшло ў ход. У адозьве мы зьвяртаемся да інтэлектуалаў, якія дазваляюць сабой гандляваць, якія дазваляюць сабе прадавацца гэтаму рэжыму. Да журналістаў, якім у глыбіні душы сорамна. Бо зь імі ня ходзіць ахова, і іхных дзетак, магчыма, ня сёньня-заўтра будуць дражніць у садках і школках. А яны прадаюцца, а яны хлусяць”. (Скобла: ) “Усё большую папулярнасьць у нашым жыцьці набывае гэткая зьява, як флэш-моб. “Флэш” з ангельскай перакладаецца, як “успышка”, “моб” — натоўп, грамада людзей. Тваё стаўленьне да флэшмобных моладзевых акцыяў?” (Хадановіч: ) “Станоўчае. Гэта кароткачасовы палітычны пэрформанс, які доўжыцца, звычайна, ня больш за хвіліну, які не пакідае абыякавых, які чапляе ўсіх хоць трохі зацікаўленых. Ну, напрыклад. На пляцы Кастуся Каліноўскага (колішняй Кастрычніцкай плошчы) вісіць вялізарны тэлевізар, які трансьлюе дурацкія перадачы аднаго дзяржаўнага тэлеканалу. Раптам пад ім зьяўляецца вялікі натоўп маладых людзей, якія завязваюць сабе вочы й надзяваюць навушнікі, не жадаючы гэта бачыць і слухаць. І — разыходзяцца раней, чым “флэшмобэры ў цывільным” пачынаюць іх хапаць. Альбо: нядаўна прагучала брыдкая інфармацыя ад імя адпаведнага міністэрства пра каналізацыю, нібыта засьмечаную абаронцамі намётавага лягеру. Адразу на Галоўпаштамце зьявіліся чэргі людзей з паштовымі пераводамі на адрас таго міністэрства — у парадку кампэнсацыі. Кожны такі флэш-моб зьвернуты й да эстэтычнага пачуцьця (адчуйце, як па-калгаснаму, як недарэчна нам хлусяць!), і да сумленьня (мы яшчэ верым у тое, што сумленныя людзі пераважаюць)”. (Скобла: ) “Своеасаблівы флэш-моб быў нядаўна зладжаны ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, куды адной ратай былі прынятыя ажно 55 новых сяброў. Але ж міністар адукацыі адмысловым лістом забараніў сябрам гэтага Саюзу выступаць ва ўстановах адукацыі. Гэта табе перашкаджае на шляху да чытача?” (Хадановіч: ) “Гэты міністар сам нарваўся. Іосіф Бродзкі калісьці вельмі мудра заўважыў: маўляў, пакуль улада не чапае літаратараў, літаратары таксама ня лезуць у палітыку. Як толькі палітыка лезе ў іхныя справы, яны плацяць той самай манэтай. Як толькі нейкія мярзотнікі будуць псаваць мае літаратурныя кантакты зь людзьмі, якім цікава са мною сустракацца, я пакідаю за сабой поўнае права шукаць абыходных шляхоў да сваіх слухачоў. Вы забараняеце мне сустракацца з 500 студэнтамі ў аўдыторыі? Калі ласка, я буду зьвяртацца да слухачоў на мітынгах, на акцыях пратэсту”. (Скобла: ) “Нядаўна ў тваім перакладзе на беларускую выйшла кніга ўкраінскага пісьменьніка Юр’я Андруховіча “Ўводзіны ў геаграфію”. Чым ён актуальны для айчыннага чытача?” (Хадановіч: ) “Я адзін зь перакладчыкаў. Андруховіч страшна актуальны для сёньняшняй беларускай літаратуры. У ягонай творчасьці, як у прызьме, адлюстраваліся эстэтычныя пошукі вельмі блізкай нам Украіны, якая зайшла ў сваёй эўрапейскасьці, у сваёй мадэрнасьці крышачку далей, чым мы. Яна на крок бліжэй да Эўразьвязу, на крок бліжэй да свабоды, на крок бліжэй да заходніх чытачоў — гэта ўсё ўзаемазьвязана. І Андруховіч быў акурат тым чалавекам, які сваёй галавой ламаў сьценкі і бар’еры, якія засталіся ў спадчыну ад савецкага часу”. (Скобла: ) “Ты браў удзел у выступах на плошчы, у намётавым гарадку. А хіба, калі выбухаюць газавыя гранаты, музы не маўчаць?” (Хадановіч: ) “Музы зрываюцца на крык і плач. Эстэтычна гэта ня менш каштоўна, чым гарманічныя сьпевы музаў, якія патрапляюць ва ўнісон зь ліраю. І гэтых крыкаў, гэтага плачу цяпер вельмі шмат, гэта дакумэнты эпохі. Далібог, музы не маўчалі, калі выбухалі гранаты”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|