Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Былога рабочага лідэра трымаюць у псыхіятрычнай лякарні 11:30, 14/04/2006
Супраць Мікалая Разумава ў Воршы заведзеная крымінальная справа за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Быццам бы Разумаў на адной з сустрэчаў Мілінкевіча з выбарцамі заявіў, што кіраўнік дзяржавы мае дачыненьне да забойства зьніклых палітыкаў – Захаранкі і Ганчара. Мікалай Разумаў быў затрыманы і знаходзіўся пад вартай у Воршы. Цяпер яго перавезьлі ў Менск, у Рэспубліканскі псыхічны клінічны шпіталь у Навінках, каб зрабіць прымусовую псыхіятрычную экспэртызу.
“Справа тычыцца адной з сустрэч зь Мілінкевічам ў Воршы, падчас якой Мікалай Разумаў па версіі пракуратуры, назваў Аляксандра Лукашэнку забойцам. Пракуратура зрабіла выснову, што ён абвінавачвае прэзыдэнта ў зьдзяйсьненьні злачынстваў. Пацярпелага ў дадзеным выпадку няма. Адносна звычайных грамадзянаў гэта справы прыватнага характару і ўзбуджаюцца па заяве. А справы за паклёп і абразу прэзыдэнта ўзбуджаюцца па факце распаўсюду інфармацыі. Паглядзім, што будзе далей. Спадзяюся, што гэта не пачатак выкарыстаньня псыхатэрапеўтаў у палітычных мэтах. Прэцэдэнту ў наш час яшчэ не было. Але за савецкім часам была карная псыхіятрыя. Правядзеньне псыхіятрычнай экспэртызы звычайная практыка”, -- паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч Польскаму Радыё.
На пачатку 1990-х гадоў Мікалай Разумаў быў вядомым апазыцыйным лідэрам. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам адбылася беспрэцэдэнтная акцыя пратэсту аршанскія рабочыя выйшлі на рэйкі, патрабуючы глябальных рэформаў у дзяржаве. У апошнія гады Разумаў не праяўляў ніякай палітычнай актыўнасьці.
Наколькі цяжкае выпрабаваньне для псыхікі здаровага чалавека знаходжаньне ў псыхіятрычным шпіталі? Анатоль Сідарэвіч, паводле ўласнага досьвяду, упэўнены, што гэта яшчэ й небясьпечна. Анатоль Сідарэвіч вядомы публіцыст, літаратурны крытык і гісторык, за крытыку камуністычнай ідэалёгіі ў 1960-я гады быў рэпрэсаваны, і яго прымусова лячылі ў псыхіятрычным шпіталі.
“Калі пастаўленая задача даказаць, што чалавек хворы, яго могуць укінуць у аддзяленьне для цяжка хворых. Напрыклад, ёсьць аддзяленьне, дзе ляжаць капрафагі там вельмі страшна. І чалавек, натуральна, пачынае прасіцца і рвацца адтуль. Бунтаваць. Калі лекар запрадаўся душою, ён можа напісаць: “праяўляў агрэсыўнасьць”. І паставіць дыягназ маніякальна-дэпрэсыўны псыхоз, ці нешта кшталту. Прапіша лекі, або нават, калі чалавек пачне грукацца выпусціце! дык і кашулю з завязанымі на сьпіне рукавамі. Сярод людзей існуе меркаваньне, што Навінкі гэта вельмі небясьпечна, і яно мае падставы. Маё шчасьце, што мяне завезлі ў катэдральную клініку. Тады было псыхіятрычнае аддзяленьне ў ІІ клінічнай лякарні. Шчасьце, што я ня трапіў у славутае 17-е аддзяленьне, пра якое хадзілі легенды. Там мог і разумны чалавек звар’яцець. У беларускай літаратуры ёсьць клясычны прыкалад. Рыгор Крушына апісаў, як да вар’яцтва давялі паэта Казлоўскага . У “Беларускім кнігазборы” выйшла летась кніга Крушыны, дзе ягоныя ўспаміны пра Віктара Казлоўскага, як яго савецкая псыхіятрыя давяля да вар’яцтва. Нельга сцьвярджаць, што зараз ужо даўно не савецкая псыхіятрыя. Кадры тыя ж самыя. З той самай падрыхтоўкай і этыкай. Гэта выхаванцы знакамітага Маскоўскага інстытуту імя Сэрбава. Навошта чалавека з Воршы павезлі ў Менск, у Навінкі?! Хіба ў Віцебскай вобласьці няма лякарні? Ёсьць Віцебскі мэдычны ўніверсытэт, там павінная быць катэдра псыхіятрыі”, -- расказаў Сідарэвіч Польскаму Радыё.
Пакараньнем за паклёп на прэзыдэнта можа быць шматгадовае турэмнае зьняволеньне. Варта прыгадаць, што па факце зьнявагі Аляксандра Лукашэнкі ў 2001 годзе была ўзбуджаная крымінальная справа ў адносінах да двух жыхароў Барысава - Алесі Ясюк і Аляксандара Абрамовіча удзельнікаў акцыі, падчас якой яны патрабавалі псыхіятрычнага абсьледаваньне прэзыдэнта Лукашэнкі.