Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міліцыянты шукалі Вячаслава Сіўчыка ў кватэры ягонай маці 10:35, 18/04/2006
Маці актывіста апазыцыі Вячаслава Сіўчыка Галіна Сіўчык у панядзелак патэлефанавала журналістам і расказала, што ў пад’езьдзе зьявіліся людзі ў чорных скураных куртках. Яны сталі на лесьвіцы і ля вакна на пляцоўцы. Празь некалькі хвілінаў у кватэры пагасла сьвятло.
Галіна Сіўчык выклікала электрыкаў ЖЭСу. Яна не адчыняла дзьвярэй кватэры, бо была ўпэўненая, што туды адразу ўвойдуць невядомыя. Празь некалькі гадзінаў пад дзьвярыма зьявіліся некалькі байцоў спэцназу міліцыі. Адразу людзі ў цывільным пачалі званіць у кватэру і патрабаваць, каб адчынілі дзьверы. Ля пад’езду дому сталі два аўтамабілі.
А 9-й вечара да Галіны Сіўчык прыехалі Ірына Казуліна і Валеры Шчукін. Участковы інспэктар, якому дазволілі ўвайсьці ў кватэру, паказаў Галіне Сіўчык фатаздымак яе сына Вячаслава. Ён патлумачыў, што яго шукаюць як злачынцу.
“Цяпер у нас адчыненыя дзьверы і поўная пляцоўка людзей бяз формы і некалькі чалавек у форме спэцназу. Прыйшоў участковы, мы яго выклікалі, але ён нейкі бездапаможны. Кажуць, што ў маёй кватэры хаваецца злачынца. Я дазваляю ўчастковаму ўсё праверыць у кватэры і пераканацца, што тут нікога няма”, -- распавяла Галіна Сіўчык “Радыё Свабода” па тэлефоне.
Вячаслава Сіўчыка, якога затрымалі за ўдзел у апазыцыйнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы, хочуць затрымаць і накіраваць у суд. Пасьля затрыманьня ён трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай і пазьбег адбыцьця арышту ў турме на Акрэсьціна.