Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Казуліна: «Мэдычную экспэртызу здароўя майго мужа зацягваюць» 11:46, 19/04/2006
Вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна ягонай жонцы Ірыне не паведамілі. Адвакат Казуліна рыхтуе чарговую скаргу, дамагаючыся зьмены меры стрыманьня.
З Аляксандрам Казуліным у Жодзінскай турме сустрэліся ягоная жонка Ірына і адвакат Ігар Рынкевіч. Паводле Ірыны Казулінай, здароўе мужа пасьля арышту пагоршылася, застаюцца наступствы зьбіцьця і жорсткага абыходжаньня.
“Кісьці рук яму дагэтуль баляць. Калі везьлі ў турму і заціснулі рукі кайданкамі, ён папрасіў аслабіць, але, канечне, нічога не зьмянілі. Пасьля Аляксандар казаў, што першы час як зьнялі кайданкі, ён увогуле не адчуваў рук”, -- паведаміла Ірына Казуліна “Радыё Свабода”.
Паводле Ірыны Казулінай, муж прасіў перадаць яму ў турму трэнажнік, каб распрацоўваць рукі й вярнуць ім адчувальнасьць.
Між тым, дагэтуль не вядомыя вынікі судова-мэдычнай экспэртызы Аляксандра Казуліна, якую правялі дактары пасьля ягонага арышту. Нагадаем, 2 сакавіка, а таксама 25 сакавіка экс-кандыдат на прэзыдэнта быў зьбіты амапаўцамі. Ён патрабаваў далучыць зьвесткі судова-мэдычнай экспэртызы да сваёй крымінальнай справы. Сёньня, 18 красавіка, Ірына Казуліна зьвярталася ў шпіталь, дзе знаходзяцца зьвесткі экспэртызы, але зь імі яе не азнаёмілі.
У шпіталі затрымку з вынікам экспэртызы тлумачаць тым, што з паліклінікі па месцы жыхарства Аляксандра Казуліна дагэтуль не прыйшла ягоная мэдычная карта.
Тым часам адвакат спадара Казуліна Ігар Рынкевіч ня кідае спробаў дамагчыся зьмены стрыманьня для свайго падабароннага — ён імкнецца, каб арышт замянілі на падпіску пра нявыезд. Адну скаргу адваката суд ужо адхіліў, цяпер рыхтуецца другая скарга. Яе тэкст сёньня адвакат узгадніў з Аляксандрам Казуліным.
Аляксандар Казулін быў зьбіты двойчы — 2 сакавіка, калі спрабаваў прайсьці на Ўсебеларускі сход, і 25 сакавіка падчас мірнага шэсьця з калёнай дэманстрантаў да турмы на Акрэсьціна. Палітыка абвінавацілі ў злосным хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.