|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
На Чарнобыльскую канфэрэнцыю не запрасілі вядомых беларускіх спэцыялістаў 15:39, 19/04/2006 Да ўдзельнікаў канфэрэнцыі зьвярнуўся прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, які акрэсьліў галоўную задачу дзяржаўнай праграмы ў ліквідацыі наступстваў трагедыі – “забесьпячэньне эканамічнага адраджэньня і разьвіцьця пацярпелых раёнаў”. Аляксандар Лукашэнка, які ў гэты час сустракаўся з кіраўнікамі памежных ведамстваў краінаў СНД, на канфэрэнцыю не прыехаў: накіраваў гасьцям прывітальную тэлеграму. У ёй, у прыватнасьці, сказана, што ад форуму ўлада чакае рэальных прапановаў у справе рэабілітацыі забруджаных тэрыторый. Між тым, экспэрты згадваюць, што з асабістай ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі шэраг тэрыторый у забруджанай зоне ўжо вернуты ў гаспадарчы зварот, а вырашчаная там прадукцыя вывозіцца ў іншыя рэгіёны краіны і ў замежжа. Апроч таго, ад некалькі мільёнаў беларусаў, пацярпелых ад радыяцыйных ападкаў, цягам двух дзесяцігодзьдзяў толькі 138 тысячаў былі пераселеныя ў чыстыя рэгіёны. Міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка ўскосна даў зразумець, што абжываньне радыяцыйных земляў будзе працягвацца. “Мы выдаткоўваем вялізныя сродкі на мадэрнізацыю сувязі, на дэмантаж паветраных ліній сувязі (замяняем на кабэльныя). Практычна цалкам правялі ў раёны чарнобыльскай зоны самыя сучасныя віды сувязі, накіраваўшы туды дастатковую колькасьць кваліфікаваных кадраў”, -- сказаў Ганчарэнка. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі няма вядомых беларускіх спэцыялістаў у галіне чарнобыльскіх праблемаў. На афіцыйныя мерапрыемствы не запрошаныя кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка, грамадзкія дзеячы Іван Нікітчанка, Генадзь Грушавы, Тамара Белавокая. Адзін з найбольш вядомых навукоўцаў у галіне чарнобыльскай праблематыкі прафэсар Юры Бандажэўскі з гэтай прычыны не бярэцца сказаць, наколькі аўтарытэтны форум з гледзішча ўдзельнікаў. “Пра гэта ў мяне нават не запытвайце, бо я ў гэтых мерапрыемствах ня ўдзельнічаю. Калі б браў удзел, можа штосьці патлумачыў бы. Але, на жаль, адказаць на гэтае пытаньне не магу”, -- сказаў прафэсар. Паводле экспэртаў, Беларусь прыняла на сябе самую вялікую колькасьць радыёнуклідных ападкаў. Толькі цэзыем-137 было пакрыта 23% тэрыторыі краіны, тады як ва Ўкраіне – 5%, у Расеі – 0,6%. Як паведаміў сёньня кіраўнік Дзяржкамчарнобылю Ўладзімер Цалко, за 20 гадоў матэрыяльныя страты Беларусі ад чарнобыльскай трагедыі склалі 235 мільярдаў даляраў. А ў аднаўленьне тэрыторый укладзена толькі 17,7 мільярда даляраў, пры тым у новай "пяцігодцы" дзяржава плянуе асвоіць яшчэ 1,5 мільярда. Чыноўнікі скардзяцца, што замежная дапамога на гэтым тле невялікая – за апошнія пяць гадоў яна склала 400 мільёнаў даляраў. У прэсавай службе Камчарнобылю пры Савеце міністраў паведамілі, што ў канфэрэнцыі бяруць удзел высокія замежныя госьці – намесьнік Генэральнага сакратара ААН Эд Мэлкерт, Генэральны сакратар АБСЭ Марк Пэрэн Брышамба, Генэральны сакратар таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяцы Марку Ніскала, а таксама дзяржаўны сакратар так званага “саюзу” Расеі і Беларусі Павел Барадзін.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|