Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Грамадская камісія складае спісы памагатых рэжыму 16:26, 20/04/2006
10 красавіка на сваім чарговым паседжанні еўрапарламентары абмяркоўвалі паслявыбарную сітуацыю ў Беларусі. Пераважнай большасцю было вырашана прымяніць санкцыі супраць тых грамадзянаў, якія ці то непасрэдна ўдзельнічалі у фальсіфікацыі вынікаў выбараў, ці то займаліся інфармацыйнай прапагандай, актыўна ўдзельнічалі ў пралукашэнкаўскай агітацыі напярэдадні і ў час галасавання, ці то прымалі ўдзел у рэпрэсіях супраць дэмакратычных актывістаў. Гэтым асобам будзе забаронены ўезд ва ўсе краіны Еўразвязу, а таксама будуць замарожаныя іх рахункі ў еўрапейскіх банках, паведамляе прэс-служба лідэра дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.
Еўрапарламентары зацвердзілі спіс з 31 чалавека, сярод іх кіраўнікі асноўных ведамстваў краіны, абласныя кіраўнікі вертыкалі і найбольш прыбліжаныя да Лукашэнкі чыноўнікі. Між тым, Еўразвяз гатовы пашырыць гэтыя спісы такім чынам, каб туды ўвайшлі не толькі ключавыя асобы лукашэнкаўскага апарату, але і людзі на месцах: сябры выбарчых камісіяў, іх старшыні, сакратары, удзельнікі і аўтары прапагандысцкіх фільмаў БТ, канцэртаў "За Беларусь", суддзі, адміністрацыя навучальных установаў, якія падчас выбарчай кампаніі незаконна рэпрэсоўвалі дэмакратычных актывістаў.
Зараз грамадскай камісіяй складаецца поўны спіс асобаў, які ўключае вышэйназваныя пазіцыі. На дадзены момант сабраная інфармацыя больш чым пра 350 чалавек.
Камісія дапускае перагляд справы той ці іншай асобы. Кожны, хто лічыць, што трапіў у спіс несправядліва, мусіць гэта асабіста пацвердзць і прадставіць доказы сваёй недатычнасці да фальсіфікацыяў, прапаганды ці рэпрэсіяў у часе выбарчай кампаніі 2006 г. Напрыклад, сябра выбарчай камісіі, уключаны ў спіс, можа арганізаваць адкліканне свайго прозвішча са спісу ў выпадку, калі прадставіць выключную інфармацыю пра тое, як праходзіла галасаванне на яго ўчастку, магчыма, пацвердзіць гэта сапраўднымі лічбамі галасавання, дакументальнымі матэрыяламі, якія будуць доказам, што гэты чалавек не прымаў удзел у фальсіфікацыях выбараў, альбо, адпаведна, не падпісваў пратакол з фальшывымі вынікамі. Санкцыі не будуць ужывацца таксама супраць тых, хто прызнае сваю віну і пра гэта публічна абвесціць.
Людзі, якія дакажуць сваю невінаватасць альбо, наадварот, публічна прызнаюць віну, будуць пасля перагляду справы выкрэсленыя са спісу. У выпадку рэпрэсіяў супраць гэтых людзей з боку ўлады грамадская камісія гарантуе ім неабходную дапамогу.