Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
КДБ спрабуе вербаваць актыўных студэнтаў БНТУ 16:00, 21/04/2006
Сёньня студэнтаў БНТУ, якія былі затрыманыя на Кастрычніцкай плошчы ў часе акцыяў 19-25 сакавіка, выклікалі ў рэктарат, дзе зь імі размаўляў старэйшы ўпаўнаважаны КДБ Дзьмітры Міхайлавіч Сьвістун, паведамляе сайт www.studenty.by.
Размова з кожным студэнтам праводзілася асобна. Некаторым зь іх спадар Сьвістун прапаноўваў супрацоўніцтва з КДБ , іншых проста пераконваў адмовіцца ад удзелу ў акцыях пратэсту, пры гэтым усім пагражаў адлічэньнем з унівэрсытэту.
Андрэй Шумароў, студэнт 2-га курса ФІТР БНТУ распавёў, як праходзіла сустрэча зь ім:
- Супрацоўнік КДБ на пачатку не хацеў называць сваё імя, але пасьля таго, як я катэгарычна адмовіўся размаўляць зь незнаёмым чалавекам – усё ж прадставіўся. Ён назваў сябе старэйшым ўпаўнаважаным Камітэта Дзяржаўнай Бясьпекі Сьвістуном Дзьмітрыем Міхайлавічам.
На думку Андрэя, у супрацоўніка КДБ не атрымалася правесьці размову ў тым кірунку, якім ён жадаў бы. На ўсе яго пытаньні студэнт адказваў сваімі пытаньнямі. Так, напрыклад, калі Сьвістун спытаў: “Што вы рабілі на плошчы?”, Андрэй адказаў сваім пытаньнем: “А як вы лічыце, што я рабіў на плошчы?”
Размова з Андрэем цягнулася даволі доўга, і ў часе яе спадар Сьвістун прапаноўваў Андрэю працу ў КДБ. На адмову Андрэя супрацоўнік КДБ паабяцаў студэнту праблемы ў здачы сэсіі.
Студэнта 3-га курса аўта-трактарнага ф-та БНТУ Міхаіла Літвінава, супрацоўнік КДБ вербаваць не спрабаваў, але пагражаў адлічэньнем з унівэрсытэта за ўдзел ў грамадзкіх акцыях пратэсту:
- Яго асноўная мэта была спыніць нашы дзеяньні запужаўшы нас адлічэньнем з унівэрсытэта. Спадар Сьвістун сказаў, што калі я буду удзельнічаць у Чарнобыльскім шляху 26-га красавіка і тым больш, калі буду затрыманы пад час яго – мяне дакладна выключаць з БНТУ. Але я лічу, што маю права на выказваньне сваёй нязгоды з тым, што адбываецца ў нашай краіне, і буду рабіць гэта надалей. Але, хачу адзначыць, што ў межах унівэрсытэта я займаюся толькі навучаньнем.