Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Gazeta Wyborcza»: Пра што можна размаўляць зь Беларусьсю? 10:33, 21/04/2006
“Пра што можна размаўляць зь Беларусьсю?” – такі загаловак мае артыкул у “Gazet’ы Wyborcz’ай”, у якім абмяркоўваюцца прапановы беларускага боку што да “разьвіцьця польска-беларускіх дачыненьняў”. Польскія газэты пішуць сёньня таксама пра адмову Канады прыняць беларускі ўрадавы самалёт, паведамляе «Радыё Свабода».
“Gazetа Wyborczа” піша, што Менск хоча цяпер разам з Варшаваю “адкрываць новыя памежныя пераходы, зьніжаць цэны візаў, разам займацца навакольным асяродзьдзем у памежных рэгіёнах і ажывіць культурнае супрацоўніцтва”.
“Пра такія рэчы з суседзямі заўсёды варта размаўляць. Але нельга забывацца на тое, што Лукашэнка, робячы такія прапановы, сыпле нам пясок у вочы. Шукае, як вывесьці свой рэжым зь міжнароднай ізаляцыі. Хоча, каб мы пачалі працаваць над агульнымі справамі, не зьвяртаючы ўвагі на леташнюю брутальную расправу з законна абараным кіраўніцтвам Саюзу палякаў Беларусі. Каб мы забыліся, што нядаўнія прэзыдэнцкія выбары адбыліся з парушэньнем усіх дэмакратычных прынцыпаў”, – адзначае “Gazetа Wyborczа”.
Штодзёньнік піша, што на дыялёг зь Менскам “можна пагадзіцца”, хаця б для таго, каб дамагчыся ўвядзеньня бясплатных візаў для беларусаў, бо чым “больш іх прыедзе ў Польшчу, тым больш пераканаецца, што іхнае дзяржаўнае тэлебачаньне гаворыць няпраўду, называючы Польшчу дзяржавай, дзе пануе галеча.
Як падкрэсьлівае “Gazetа Wyborczа”, пры гэтым трэба памятаць, што для Варшавы законныя ўлады Саюзу палякаў – гэта людзі, згуртаваныя вакол Анжалікі Борыс, а ня тыя, каго “прызначыў рэжым”.
“Трэба таксама ўвесь час станавіцца ў абарону беларускай апазыцыі, якую бесьперапынна перасьледуюць улады”, – так завяршаецца артыкул “Пра што можна размаўляць зь Беларусьсю?”, зьмешчаны ў сёньняшнім нумары “Gazet’ы Wyborcz’ай”.