Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Гомельскія ўлады замінаюць падрыхтоўцы Чарнобыльскага мітынгу 10:36, 21/04/2006
Як паведаміў www.belngo.info старшыня гомельскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка, заява на правядзеньне мітынгу была сваечасова пададзеная ў Гомельскі абласны выканаўчы камітэт. “У заяве была названая меркаваная колькасьць удзельнікаў мітынгу: да 5 тысячаў чалавек. Закон аб масавых мерапрыемствах прадугледжвае, што калі меркаваная колькасць удзельнікаў перавышае тысячу чалавек, то заява падаецца менавіта ў выканкам абласнога ўзроўню. Паводле заканадаўства, адказ на заяву аблвыканкам павінны быў даць да 20 красавіка” – распавёў Л. Судаленка. Аднак, 19 красавіка быў атрыманы адказ, але не з абласнога выканкаму, а з гарадзкога – за подпісам Васіля Палякова, намесьніка старшыні гарвыканкаму. У адказе гаворыцца, што гарвыканкам не можа вырашыць пытаньне - як раз па той прычыне, што мяркуемая колькасьць удзельнікаў перавышае тысячу чалавек!
20 красавіка першы сакратар абласнога камітэту ПКБ Уладзімер Сякерка зьвярнуўся ў аблвыканкам за тлумачэньнем. Валерый Ахлесьцін – памочнік намесьніка старшыні аблвыканкама – заявіў, што перанакіраваньне заявы было памылкаю. Ён сказаў, што 21 красавіка заява будзе разгледжаная ў аблвыканкаме. Паводле заявы, мітынг плянуецца праводзіць 25 красавіка. Арганізатары мітынгу лічаць, што ўлады наўмысна зацягваюць вырашэньне пытаньня. Легальна распаўсюджваць запрашэньні на мітынг немагчыма пакуль не атрыманы дазвол.
Варта таксама нагадаць, што 18 красавіка арыштаваны на 10 сутак Уладзімер Кацора, які каардынаваў падрыхтоўку мітынгу.