Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 2526 27 28 29 30




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



На Плошчу нас пазвалi годнасць i сумленне
11:20, 25/04/2006, Юрась Бусел, «Народная воля»

На плошчу нас пазвалi годнасць i сумленне... Гучыць неяк пафасна i паэтычна. Але на самай справе менавiта гэтыя дзве акалiчнасцi, а не Мiлiнкевiч, Казулiн цi хтосьцi iншы, прымусiлi нас прыйсцi 19 i 20 сакавiка на Кастрычнiцкую плошчу, якая потым мiтынгоўцамi будзе перайменавана ў плошчу iмя Кастуся Калiноўскага. Мы — гэта я i мой брат.

Беларускае тэлебачанне паказала дзесяткi рэпартажаў пра падзеi на Кастрычнiцкай плошчы. I мiльёны беларусаў воляй-няволяй паглядзелi хаця б адзiн з гэтых “твораў мастацтва”. У кадрах i па-за кадрамi было ўсё: i п`яныя адмарозкi, i ўкураныя непаўналетнiя, i прастытуцыя, i парнаграфiя, i педыкулёз... Божа, чаго там толькi не было!! Усе гэтыя рэпартажы цяжка нават назваць няпраўдай: на самай справе гэта брудная хлусня. I я лiчу сваiм грамадзянскiм абавязкам расказаць суайчыннiкам, як усё сапраўды было. Маю на гэта поўнае права, бо, у адрозненне ад iлжывых прадстаўнiкоў беларускiх тэлеканалаў, я асабiста знаходзiўся ў самым эпiцэнтры падзей. Праўда, нядоўга...

Гiсторыя паказвае, што масава на вулiцу людзi могуць выйсцi ў двух выпадках: першы — калi большасць насельнiцтва жыве ў беднасцi i людзям не хапае грошай на кавалак хлеба; другi — калi людзi сытыя, але падманутыя нечым вельмi iстотным. У першым выпадку на вулiцу людзей штурхае само жыццё, жаданне фiзiчна жыць далей. У другiм — трэба мець сталую грамадзянскую пазiцыю, адчуванне сябе ў грамадстве, сваёй неабходнасцi ў дзяржаве. I гэты другi шлях патрабуе значных чалавечых высiлкаў.

У нашых умовах, дзякуй Богу (а таксама падачкам з Расii i працавiтасцi беларускага насельнiцтва), беларусы не галадаюць. Пакуль не галадаюць... Але ж нешта прымусiла дзесяткi тысяч беларусаў выходзiць на вулiцу на працягу тыдня! У чым тут сакрэт? А ўсё даволi проста...

Беларусы сапраўды мiрныя i талерантныя людзi. Па меншай меры, яны былi такiмi да 19 сакавiка 2006 года. I як нi iмкнулася шаноўная беларуская апазiцыя змянiць гэтую рэчаiснасць на працягу 12 год, нiяк не атрымоўвалася. Парадаксальна, але факт: дапамога прыйшла з боку кiраўнiцтва краiны. Сваiмi дзеяннямi ўлада канчаткова змянiла беларуса, паказаўшы свой сапраўдны твар. Тысячы людзей, тысячы лёсаў, за кожным з якiх стаяць такiя ж тысячы родных, знаёмых i сяброў. I ўсе яны на ўласныя вочы пабачылi тое, што так доўга ўлада хацела схаваць: бруд, гвалт, падман i нянавiсць да свайго народа. Улада больш не прыкрываецца фiгавым лiстком, не будуе так масава пацёмкiнскiя вёскi, а дзейнiчае наўпрост: злавiў, збiў, пасадзiў...

...19 сакавiка мы прыйшлi на Плошчу, бо хацелi ведаць сапраўдныя вынiкi галасавання. Па тым, як праходзiла перадвыбарная кампанiя, мы не мелi нiякiх iлюзiй наконт афiцыйных вынiкаў выбараў, таму прыйшлi да народа. Я быў шчаслiвы бачыць прыкладна 20 тысяч вясёлых твараў сваiх суайчыннiкаў, якiя апынулiся разам са мною ў гэты час на плошчы, афiцыйна названай Кастрычнiцкай. Яны не пабаялiся “тэрарыстычных” пагроз з боку КДБ, не пабаялiся “бомбавых” правакацый. Яны — не, МЫ! — выйшлi з кветкамi i паветранымi шарыкамi, каб пачуць ПРАЎДУ.

У тую нядзелю Плошча вiтала людзей, якiя перамаглi страх.

А назаўтра, 20 сакавiка, Ярмошына аб`явiла пра знакамiтыя 82,6 працэнта. БТ запускала новыя праграмы з цыкла “Чорны пiяр па-беларуску”, а першы прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь даваў нервовую прэс-канферэнцыю, пасля якой яго не будзе бачна амаль два тыднi. Але гэта будзе потым, а сёння дзень абяцаў быць знамянальным...

Зрабiўшы за дзень усе неабходныя справы, увечары мы рушылi на Плошчу, каб у чарговы раз заявiць пра сваю дэмакратычную пазiцыю i патрабаваць другi тур сапраўдных ВЫБАРАЎ.

Але перад гэтым вырашылi абысцi ваколiцы. Здаецца, усё цiха, толькi вулiцы перакрыты для праезду аўтамабiляў. Але праходзiм Чырвонаармейскую ў бок ад Плошчы — i нечакана заўважаем рух. З левага боку Першамайскай на Чырвонаармейскую выязджаюць дзесяткi машын ды аўтобусаў. Вырашаем падлiчыць iх колькасць: я лiчу аўтобусы, брат — ваенныя машыны. Адзiн, два, тры... дзесяць, дваццаць... Налiчылi 32 ваенныя КамАЗы ды “Уралы”, а таксама 22 аўтобусы МАЗ, некалькi машын “хуткай дапамогi” i мiлiцыi. Гэтая грамадная калона праязджала праз двары на разварот i станавiлася ў напрамку Плошчы. У аўтобусах ды машынах можна было бачыць амапаўцаў ды ваенных у касках i са шчытамi...

— Хлопцы! Ён што, аб`явiў нам вайну? — гучна спытала бабуля, якая стаяла побач. I сапраўды, гэта нагадвала ваеннае становiшча. Казалi, такую карцiну можна было бачыць з усiх бакоў Плошчы.

А тым часам Плошча збiрала людзей. Мы з братам сустрэлi 9 сваiх знаёмцаў i сяброў, якiх запрасiлi на Плошчу на другi дзень. 19-га яны не выйшлi, бо перш за ўсё пабаялiся, але пасля мiрнай дэманстрацыi напярэдаднi i нашых заклiкаў яны вырашылi далучыцца. Вось толькi калi мы ступiлi на Плошчу, я быў непрыемна здзiўлены i нават разгублены. Сем гадзiн вечара, а людзей напалову меней, чым напярэдаднi...

I ўсё ж такi мы чакалi: а мо палова яшчэ на працы, а мо не пачулi час i прыйдуць а восьмай, а мо... Час iшоў, а людзей станавiлася ўсё менш i менш. Вось толькi на гэты раз Плошча вырашыла заставацца. Менавiта Плошча як сукупнасць людзей, а не нехта канкрэтна з палiтыкаў.

А 23-й гадзiне, пасля перамоў з мiлiцыяй, вырашылi не парушаць заканадаўства i выключыць музыку. Ужо тады на Плошчы стаяла некалькi намётаў, якiя ахоўвалiся шчыльным ланцугом смелых хлопцаў i дзяўчат. Але арганiзацыяй на той момант цяжка было пахвалiцца: людзям неабходна хадзiць па патрэбе, сагравацца ад холаду, нарэшце, змагацца са сном. Але туалетаў на Плошчы не было, гарачай кавы ды гарбаты не хапала, а музыку адключылi... Таму самi шукалi выйсце: купкамi па 20—30 чалавек бегалi ў двары, хадзiлi да знаёмых па гарачую каву альбо гарбату, бесперапынна выкрыквалi лозунгi ды спявалi песнi, каб падбадзёрыць адзiн аднаго. Ды толькi той, хто сыходзiў з Плошчы, не заўсёды вяртаўся: мы думалi, яны сышлi дамоў, аказалася, што таму, хто сыходзiў пасля гадзiны ночы, “прапаноўвалi” на 7, 10, 15 сутак новае месца жыхарства, пераважна на Акрэсцiна. Але пра гэта мы даведалiся толькi потым, а ў той час стаялi i чакалi хапуна: я, мой брат, мой лепшы сябра i знаёмы журналiст з Польшчы...

Недзе а 3-й мы вырашылi пад`ехаць да сябра, якi жыве ў Мiнску, каб схадзiць у прыбiральню, узяць гарбаты ды цёплых рэчаў. Адзiным магчымым i небяспечным шляхам мы палiчылi спробу выклiкаць таксi. У службе “052" у мяне спыталi iмя i нумар тэлефона i паабяцалi таксоўку праз 5 хвiлiн. Але не паспеў я пакласцi слухаўку, як мне патэлефанаваў таксiст i сказаў, што не мае магчымасцi пад`ехаць на Плошчу: супрацоўнiкi ДАI забараняюць. Але ён заклiкаў нас падысцi да будынка цырка, дзе ён спынiўся. Мы рушылi ўздоўж Праспекта Незалежнасцi ў бок Плошчы Перамогi...

Да машыны таксi заставалася нейкiх 50 метраў, калi да нас падбеглi людзi ў чорным адзеннi. Яны загадалi нам перадаць дакументы (пашпарты, студэнцкiя бiлеты) i выключыць мабiльныя тэлефоны. А потым усё было нiбы ў жудасным сне. Нас давялi да цёмнага парку Янкi Купалы, што насупраць цырка, i перадалi ў лапы невядомых малойчыкаў таксама ў чорным адзеннi. Нас бiлi рукамi i нагамi па твары, па нагах, па тулаве. Нас гналi ў цемру, збiваючы на ўсiм шляху да прызначанай мэты — мiлiцэйскага аўтобуса. А потым кiнулi на падлогу аўтобуса, нiбы мясныя тушы пры пагрузцы. Людзi ляжалi адзiн на адным у нейкай страшнай, незразумелай кучы: маса целаў, пераплеценых адно з адным. Загрузiўшы “тавар”, аўтобус рушыў у невядомым напрамку. Нас пужалi Курапатамi, пагражалi нажом, некаторых хлопцаў хапалi за валасы i дэманстратыўна адразалi пасмы, дзяўчынак пужалi нейкiмi жудаснымi кадрамi iракскай вайны на маленькiм экране тэлекамеры. Хвiлiны цягнулiся вельмi доўга, здавалася, гэтаму не будзе канца. Бiлi па тварах, прымушалi ганьбiць дэмакратычных кандыдатаў у прэзiдэнты i славiць першага прэзiдэнта незалежнай Беларусi, хадзiлi проста па целах маладых людзей, харкалi ў збiтыя твары i ўвесь час мацюкалiся...

Цiкава, а калi б нас сапраўды завезлi ў лес, забiлi i пахавалi ў адной брацкай магiле, цi была б да гэтага камусьцi справа (акрамя родных i блiзкiх, зразумела)? Цi адшукалi б нас потым? А можа, мы б сталi проста такiмi ж “без вести пропавшими”, як Ганчар, Завадскi, Красоўскi ды Захаранка? Калi вам зараз гэта падаецца абсурдным i немагчымым, то нам там, на падлозе аўтобуса, гэты “варыянт” здаваўся вельмi рэальным.

Мэта такой жорсткасцi была зразумелая — прынiзiць, запужаць i зняважыць. Але вынiк яны атрымалi супрацьлеглы: сваiмi дзеяннямi ўлада стварыла сотнi i нават тысячы загартаваных маладых патрыётаў сваёй краiны. Цi было нам страшна? Так, было вельмi страшна. Але мы перамаглi гэтае пачуццё, мы паўсталi з каленяў. А таго, хто паўстаў аднойчы, вядома, вельмi цяжка загнаць у рабства зноў.

Потым было Акрэсцiна, былi пратаколы, вопiсы, псеўдасуды i... суткi. Доўгiя суткi чакання свабоды. I мы яе дачакалiся, гэтай свабоды. Можа, хутка i наша любая краiна дачакаецца сваёй свабоды. Дачакаецца, верым у гэта.

***

Учора мы былi проста юнакамi i дзяўчатамi, якiя жылi сваiм жыццём, час ад часу чыталi незалежную прэсу, спачувалi апанентам улады, пiсалi свае дэмакратычныя водгукi на iнтэрнет-форумах, размаўлялi на кухнi пра хлуслiвае Беларускае тэлебачанне ды несправядлiвасць. Так, нас бiлi, прынiжалi ды плявалi ў твар, але асабiста я (i, спадзяюся, да маiх слоў далучыцца шмат хто з удзельнiкаў тых жудасных i гераiчных падзей) ганаруся тым, што апынуўся на Плошчы, якая, упэўнены, рана цi позна, але будзе насiць iмя Кастуся Калiноўскага. Гэта, на мой погляд, i завецца патрыятызмам. Чалавек паўстае супраць сiстэмы толькi ў тым выпадку, калi яго асабiста зачапiлi. Мяне асабiста зачапiлi, калi прынiзiлi маю годнасць i наплявалi ў душу. А вас?

Я дзякую ўсiм ГЕРОЯМ вольнай Беларусi, якiя перайшлi Рубiкон страху i прынялi на сябе першы моцны i жорсткi ўдар рэжыму. Я ганаруся тым, што быў з вамi побач. Бо толькi калi разам з сотнямi людзей адначасова падымаешся па-над страхам i безвыходнасцю, ты разумееш, што ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Фото ByMedia.net

напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: