Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Літоўскім дэпутатам забаранілі ўезд у Беларусь 15:00, 26/04/2006
Літоўскіх парлямэнтароў не пусьцілі ў Беларусь. Амбасада Беларусі ў Літве адмовіла ў візах літоўскім парлямэнтарам, якія зьбіраліся ў Беларусь на мерапрыемствы, прысьвечаныя 20-м угодкам Чарнобыльскай катастрофы., паведамляе «Радыё Свабода».
Беларускія ўлады не дазволілі прыехаць у краіну тром літоўскім парлямэнтарам – прадстаўнікам кіруючай кааліцыі Скірмантасу Пабедзінскасу і сацыял-дэмакрату Альгірдасу Палецкісу, а таксама Аўдронісу Ажубалісу, прадстаўніку парлямэнцкай апазыцыі і сябру парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”.
Інфармацыйнае агенцтва "Дэльфі" паведаміла, што парлямэнтары зьвярнуліся па візы ў амбасаду Беларусі ў Літве загадзя, два тыдні таму, але дасюль ня мелі ніякага адказу. Толькі сёньня раніцай, перад самым плянаваным ад`ездам яны атрымалі паведамленьне амбасады Беларусі, што ім не дазволяць прыехаць у краіну.
“Напэўна Лукашэнка падумаў, што гэты візыт можа ўплываць на нацыянальную бясьпеку. Паколькі ў Беларусі чакаецца мітынг, напэўна, улады ня жадаюць, каб прадстаўнікі Літвы былі там”, -- заявіў парлямэнтар С.Пабедзінскас.
Парлямэнтары зь Літвы плянавалі ўдзельнічаць у афіцыйных мітынгах і мерапрыемствах, а таксама ў амбасадзе Літвы ў Менску сустрэцца зь літоўцамі, якія жывуць у Беларусі.
С.Пабедзінскас і А.Ажубаліс былі ў ліку парлямэнтароў, якім не дазволілі прыехаць назіральнікамі на выбары 19 сакавіка без тлумачэньня прычынаў. Гэтым разам амбасада Беларусі ў Літве таксама не паведаміла, на якіх падставах літоўскім дэпутатам адмовілі ў візах.