|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Уладзімір Арлоў: «Беларусь прадэманстравала самой сабе й сьвету волю да свабоды» 11:51, 03/05/2006 — Спадар Уладзімір, за месяц пасьля сакавіцкіх падзеяў прагучала шмат ацэнак таго, што адбылося. А чым асабіста для Вас былі падзеі 19-25 сакавіка? — Для мяне гэта былі дні, калі Беларусь прадэманстравала самой сабе й сьвету волю да свабоды. Можа быць, самі беларусы ня ведалі, што так шмат людзей-аднадумцаў, якія хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай, цывілізаванай, эўрапейскай краінай. Гэтая воля да свабоды выявілася ў мітынгу 19 сакавіка, у намётавым мястэчку, у магутным мітынгу на Дзень Волі. Тыя падзеі зрабілі Беларусь цэнтрам увагі ўсяго сьвету. 10 дзён навіны зь Беларусі ішлі першым ці другім нумарам на “Эўраньюс” і тэлеканалах BBC і CNN. Я ведаю, што некалькі дзён CNN рабіў штогадзінныя наўпроставыя ўключэньні з пляцу, ад намётаў. Падзеі 19-25 сакавіка, безумоўна, увойдуць у гісторыю Беларусі й паскораць тыя зьмены ў нашай краіне, якіх мы ўсе чакаем і дзеля якіх працуем. Яшчэ адным сьведчаньнем выключнасьці сакавіцкіх падзеяў была агульнабеларуская дэманстрацыя імкненьня да пераменаў. У хвалі пратэстаў удзельнічалі тысячы людзей з усёй краіны. Мой сын Багдан адбываў свае 10 сутак у турме на Акрэсьціна з самымі рознымі людзьмі: хлопец з клічаўскага раёну, маладафронтавец зь Пінску... Хтосьці выходзіў з камэры – прыходзіў нехта новы, навіны, якія той прыносіў, натхнялі сядзельцаў. — Вы былі актыўным удзельнікам незалежніцкага руху напачатку 90-х гадоў. Вы былі ў цэнтры падзеяў гэтае вясны. Якія, на Вашую думку, асноўныя адрозьненьні ў настроях грамадзтва сёньня і 15-17 гадоў таму? — Вы перабольшваеце маю ролю ў падзеях 15-17-гадовай даўніны, але, безумоўна, я браў у іх удзел. Галоўнае адрозьненьне тых падзеяў ад сучасных – тое, што мы ня мелі незалежнай Беларусі, гэта была нашая мэта й мара. І некаторым здавалася, што зьдзейсьніцца яна толькі праз дзесяцігодзьдзі. Я памятаю, як мае блізкія знаёмыя, якія сталі неўзабаве дэпутатамі Вярхоўнага савету Беларусі XII скліканьня й прымалі Дэклярацыю пра сувэрэнітэт Беларусі, захапляліся рухамі ў краінах Балтыі, што вырываліся з савецкай імпэрыі. Шмат хто думаў: мы дажывем да гэтага гадоў праз дваццаць. Аднак мы жылі ў такім дынамічным сьвеце, што незалежнасьць была здабытая значна раней. Некаторыя мае калегі – беларускія эмігранты, – будучы прафэсійнымі саветолягамі, прадказвалі хуткі крах Савецкага саюзу, але насамрэч лічылі, што гэта здарыцца прынамсі праз стагодзьдзе. Калі тады ішло змаганьне за незалежнасьць Беларусі, то цяпер грамадзтва ўжо гатовае напоўніць незалежнасьць нацынальным і дэмакратычным зьместам, каб яна не была дэклярацыйнай, каб не знаходзілася пад пытаньнем, як апошнія 12 гадоў. У гэтым, напэўна, і ёсьць прынцыповая розьніца тых і сёлетніх падзеяў. — Дэмакратычнае грамадзтва адразу прыняло Вашую прапанову назваць Кастрычніцкую плошчу Менску ў гонар Кастуся Каліноўскага. Калі ў Вас узьнікла гэтая ідэя? Чаму менавіта Каліноўскі? — Ідэя ўзьнікла у размове зь Вячаславам Сіўчыкам за кубкам “намётавай” гарбаты (смачнейшай, здаецца, ніколі ня піў). Абмяркоўваліся розныя гістарычныя асобы, але я прапанаваў назваць пляц імем менавіта Каліноўскага. Па-першае, таму што на пляцы лунаў змагарны дух, сугучны духу каліноўцаў. Гэта было свайго роду паўстаньне, хоць і няўзброенае, як у 1863 годзе. Па-другое, усе тыя падзеі адбываліся напярэдадні пакараньня Каліноўскага сьмерцю. На мітынгу ўвечары 21-га сакавіка я й прапанаваў надаць пляцу імя правадыра паўстанцаў. На наступны дзень – дзень завяршэньня яго зямнога шляху, – дзякуючы Аляксею Марачкіну, ужо была гіганцкая расьцяжка з партрэтам нашага нацыянальнага героя і назвай “Плошча Кастуся Каліноўскага”. Я хацеў бы сказаць, што ўлада дрэнна ведае мінуўшчыну, гэта ахілесава пята рэжыму. Улада, якая ня ведае гісторыі краіны, якой кіруе, асуджаная на тое, каб у памяці нашчадкаў застацца несваёй, небеларускай. Здаецца, людзі Лукашэнкі ўсё прадугледзелі, нават перанесьлі выбары на нязручны апанэнтам час – пачатак вясны. Па сутнасьці, у Беларусі яшчэ была зіма зь 10-15- градуснымі начнымі маразамі. Але ўлада забылася, што праз тыдзень у нас Дзень Волі. Яны ня ведалі, што гэтыя сакавіцкія дні зьвязаныя з жыцьцём Каліноўскага. Між тым яго асоба й дзень 25 сакавіка ўздымалі дух тых, хто змагаўся за будучую Беларусь. Вось яна, сіла гістарычнай памяці! Вельмі цешуся, што мая прапанова пасьпела ўвайсьці ў сьвядомасьць тысячаў суайчыньнікаў. Ужо напісаныя вершы, эсэ пра Пляц Каліноўскага. — Напачатку 90-х Вы напісалі свой знакаміты твор “Незалежнасьць – гэта...” Якая, на Вашую думку, сёньня галоўная каштоўнасьць у змаганьні? Свабода? Калі так – ці няма патрэбы сёньня ў эсэ “Свабода – гэта...”? — Маё эсэ “Незалежнасьць – гэта...” напісанае ў лютым 90-га году й надрукаванае ў спэцвыпуску газэты “Свабода” да Дня Волі. У тым эсэ былі сканцэнтраваныя мары майго пакаленьня, усіх дэмакратычна настроеных беларусаў, якім бракавала свабоды і незалежнасьці. Я надаўна перачытаў эсэ й убачыў, што шмат якія з мараў сталіся яваю. Напрыклад, нашыя афіцэры й жаўнеры ня служаць далей за межы Беларусі. Цяперашнія школьнікі ведаюць гісторыю краіны лепей, чым некалі мы, студэнты гістарычнага факультэту БДУ, калі ў нашых падручніках не было, да прыкладу, нават імя Ефрасіньні Полацкай, як і дзясяткаў іншых гістарычных асобаў, што ўжо трывала вернутыя ў сьвядомасьць беларусаў. Мы можам падарожнічаць па сьвеце, хоць і не беспраблемна, і зьезьдзіць у Вену, як гэта мроіў герой майго эсэ. Тады ж, у 1990, гэта было амаль тое самае, што зьлётаць на месяц. Але эсэ да сёньня ня страціла сваёй актуальнасьці. Хачу, каб яно было хутчэй сьпісанае ў літаратурны архіў, дзе і месца публіцыстычным творам такога кшталту, аднак для гэтага мы павінны зрабіць краіну сапраўды незалежнай. Што да новага эсэ, то Сяргей Дубавец два гады таму прапанаваў мне напісаць “Незалежнасьць – гэта... -2”, каб адлюстраваць зьмены, якія адбыліся ў грамадзтве, і ўдакладніць тое, што ня зьдзейсьнілася. Я адгукнуўся. Тым больш, менавіта Дубавец натхніў мяне на стварэньне першага эсэ. Карацей, я памкнуўся напісаць другое, але быў вымушаны адмовіцца. Ідэя незалежнасьці тады, у 1990-ым, лётала ў паветры, набывала ўсё большую папулярнасьць, заваёўвала новыя розумы... А два гады назад нічога падобнага не было. Цяпер, пасьля сакавіка, сытуацыя прынцыпова зьмянілася. Таму я не выключаю, што вясновыя вятры натхняць мяне на новы твор.
|