Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Папярэдне дата суда над Ляшкевічам прызначана на 25 траўня 11:39, 05/05/2006
“Экскурсію” па ізалятарах Гарадзенскай вобласьці праводзяць праваахоўныя органы для грамадскага актывіста Сяргея Ляшкевіча. Жыхара Шчучына спачатку этапавалі у Гарадзенскае СІЗА, затым адправілі ў родны райцэнтр за краты, а 26 красавіка зноў перавезьлі ў Горадню. Такая міліцэйская ракіроўка ў адносінах да Ляшкевіча тлумачыцца тым, што хлопца трымаюць за кратамі 60 сутак і трэба найхутчэй завяршаць гэтую справу, паколькі зыходзяць усе сьледчыя тэрміны.
Сайту www.hrodna.by стала вядома, што справа Сяргея Ляшкевіча 27 красавіка была перададзена ў Шчучынскую паракуратуру, а на наступны дзень трапіла ў мясцовы суд. Папярэдне дата суда прызначана на 25 траўня.
Сяргея Ляшкевіча вінавацяць у падрыхтоўцы тэрарыстычнай дзейнасьці, а гэта арт. 293 Крымінальнага кодэксу на падставе прызнаньня нейкага Аляксандра Бурдзея, які напісаў ў міліцыі, што нібыта Ляшкевіч рыхтаваў яго да тэрарыстычных акцыяў.
Аднак ужо вядома, “стукач” 3 сакавіка быў асуджаны Шчучынскім судом на 2,5 гады абмежаваньня волі за крадзёж будаўнічых матэрыялаў, якія затым прадаў з сябрукамі за тысячу даляраў і прапіў. Цікава і тое, што крадзёж адбыўся задоўга да абвінавачваньня Сяргея, а перад гэтым Бурдзей пасьпеў яшчэ ўчыніць бойку з міліцыянтамі.
Гэта наводзіць на думку, што “данос” Бурдзей напісаў под прымусам з умовай з боку праваахоўных органаў, што суд зьменшыць тэрмін яго знаходжаньня за кратамі.
Так адбылося, відаць, і на самой справе. Маці Сяргея Ляшкевіча, Ірына Баляславаўна, трактуе арышт сына па сцэнару 30-х гадоў сталінскага рэжыму, калі па даносах можна было пасадзіць за краты практычна любога чалавека. Аднак больш за ўсё яе хвалюе здароўе сына, які з дзяцінства хварэе на бранхіяльную астму. А ў Шчучынскім СІЗА камеры арыштаваных без вокнаў і вентыляцыі. Да таго ж разам з ім сядзяць людзі, якія смаляць безперапынна.