Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Брус Джэксан: «Масква ў адказе за падтрымку Лукашэнкi» 14:04, 10/05/2006
“За вельмi кароткi прамежак часу — паўтара-два гады — сiтуацыя ў Беларусi з нiкому не вядомай стала прыярытэтным пытаннем мiжнароднага парадку дня i сустрэч прэзiдэнтаў заходнiх краiн”, — заявiў у iнтэрв`ю БелаПАН кiраўнiк фонду “Пераходныя дэмакратыi” Брус Джэксан. Паводле яго слоў, “не з`яўляецца навiной той факт, што ў той час як расiйскiя ўлады падтрымлiваюць аўтарытарныя i дыктатарскiя рэжымы, ЕС i ЗША падтрымлiваюць дэмакратычныя”. Б.Джэксан не сумняваецца: “Масква ў адказе за падтрымку Лукашэнкi i не падзяляе агульнага пункту гледжання на дыктатуру”.
Палiтык зазначыў, што заходнiя краiны маюць намер абмяркоўваць сiтуацыю ў краiне не толькi з беларускiмi ўладамi, але i з расiйскiмi.
“Беларускае пытанне настолькi важнае, што мы будзем яго задаваць нягледзячы на тое, якой негатыўнай можа быць рэакцыя расiйскага прэзiдэнта”, — заявiў амерыканскi палiтык. Паводле яго слоў, пасля прэзiдэнцкiх выбараў у Беларусi, вынiкi якiх не былi прызнаны, ЕС i ЗША маюць намер узнiмаць беларускае пытанне на ўсiх самiтах. “Iснаванне дзяржавы з такiм ладам, як у Беларусi, у Еўропе немагчымае”, — лiчыць Б.Джэксан.
Паводле яго слоў, “зараз цяжка быць аптымiстычным у дачыненнi як да Расii, гэтак i да расiйскай пазiцыi ў адносiнах да беларускага кiраўнiцтва”. Амерыканскi палiтык падкрэслiў, што iснуе сумеснае рашэнне заходнiх краiн аб працягу падтрымкi беларускага народа i ахвяр беларускага рэжыму. На яго думку, зладжаныя, паслядоўныя дзеяннi партнёраў могуць пацягнуць змены ў Беларусi праз тры-пяць гадоў. “Надыдзе час, беларусы азiрнуцца i зразумеюць: прычына таго, што ў Беларусi не працуе тое, што працуе ў краiнах-суседзях, ляжыць на кiраўнiцтве краiны”, — упэўнены палiтык.