Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзень салідарнасьці адзначаць і ў Варшаве 12:31, 16/05/2006
У Польшчы, дзе Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых палітыкаў, палітзняволенымі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі адзначаецца ўжо восьмы раз, сёньня было вырашана сабрацца, каб падсумаваць вынікі працы, зробленай за гэты час. У цэнтры Варшавы з самога ранку зноў зьявіўся намёт, які стаяў паўтары месяцы насупраць беларускай амбасады.
Калі акцыя салідарнасьці адбывалася ў Варшаве ўпершыню летась у восень, дык у ёй узялі ўдзел толькі некалькі дзясяткаў чалавек, потым гэта ўжо былі сотні, а да сталіцы далучыліся два дзясяткі польскіх гарадоў. На мітынгах прамаўлялі вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы.
Антось Цялежнікаў, лідэр “Зьвязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” – галоўнага арганізатара дзён салідарнасьці, кажа, што цяпер надышоў час падсумаваць зробленае.
“Думаю, што прыйшоў час падсумаваць, што мы зрабілі і адсюль рашэньне адзначыць дзень салідарнасьці менавіта такім чынам – канцэртам і абмеркаваньнем. Тут намёт наш стаіць, які быў каля амбасады. Зьбіраем подпісы пад патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў”, -- паведаміў Цялежнікаў “Радыё Свабода”.
Прадстаўнікі “Зьвязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” кажуць, што за апошнія месяцы ўпэўніліся, што ў Польшчы добра разумеюць, што такое салідарнасьць.
“Такіх акцыяў, як у Польшчы нідзе за мяжой Беларусі не было. Палякі найлепш паказалі сябе, мы бачым, што яны найлепш разумеюць, што такое салідарнасьць. Тыя акцыі, што адбываліся ня толькі 16-га, але і ў іншыя дні, як я мяркую, прынесьлі шмат карыснага для справы набліжэньня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Трэба працягваць працу, бо перад намі, магчыма яшчэ даўжэйшы шлях, чым за намі”, -- кажа Цялежнікаў.
На дзень салідарнасьці ў Варшаву запрошаны таксама беларускі гурт “ZET”.