Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура: сьведкі на судах могуць хлусіць 16:59, 22/05/2006
Нават калі сьведкі ў судзе хлусяць, яны не могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці – такі сэнс адказу з пракуратуры, які днямі атрымаў на свой зварот актывіст апазыцыі Уладзімер Кацора, які падчас прэзідэнцкіх выбараў быў кіраўніком Гомельскага абласнога штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча.
Як паведамляе www.belngo.info, Кацора прасіў пракуратуру прыцягнуць да адказнасьці С. В. Нязнаева, які выконваў абавязкі намесьніка начальніка ІІ аддзяленьня міліцыі Чыгуначнага раёну Гомеля, а таксама грамадзянаў Сьмірнова і Корж. Як заявіў Кацора, гэтыя грамадзяне далі хлусьлівыя сьведчаньні адносна таго, быццам бы ён каля пад’езду свайго дому зьбіваў Смірнова. Капітан міліцыі С. В. Нязнаеў, які кіраваў затрыманьнем Кацоры, у судзе сьведчыў, што грамадзкі актывіст пры затрыманьні аказаў супраціўленьне работнікам міліцыі. На падставе гэтых сьведчаньняў суд Чыгуначнага раёну Гомеля пастанавіў арыштаваць Уладзімера Кацору на 15 сутак – з 18 па 27 сакавіка. Кацора лічыць, што гэта справа поўнасьцю хлуслівая. Усе дні арышту ён праводзіў галадоўку пратэсту.
У адказе, які падпісаў пракурор Чыгуначнага раёну Гомеля, старшы саветнік юстыцыі Г. Н. Раманюк, гаварыцца, што “заканадаўствам не прадугледжана папярэджаньне грамадзян аб адказнасьці за дачу хлусьлівых паказаньняў пры разглядзе адміністрацыйных справаў”, і таму грамадзяне “ня могуць быць прыцягнуя да адказнасьці”. З пракурорскага тлумачэньня вынікае, што па адміністрацыйных справах сьведкі могуць хлусіць і ня несьці за гэта адказнасьці паводле закону.
“Па тэрміну арышту відавочна, што ўлады зьняволілі Ўладзімера Кацору на пэрыяд, калі чакалася найбольшая палітычная актыўнасьць грамадзян”, - лічыць Старшыня гомельскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка.
Пакуль няма адказу на заяву адносна другога 15-суткавага арышту Ўл. Кацоры – у красавіку. Другі арышт па тэрмінах супадаў з пэрыядам падрыхтоўкі і правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”.