Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Чаму Падабед разглядае скаргі на сваіх падначаленых? 10:28, 23/05/2006
5 красавіка маладзёвы актывіст Канстанцін Усянок зьвярнуўся ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску са скаргай на дзеяньні сьпецназаўцаў. Ён прасіў правесьці праверку і прыцягнуць да адказнасьці тых байцоў, якія зьбівалі і зьневажалі яго ў міліцэйскім аўтобусе, затрымаўшы на Кастрычніцкай плошчы. У адказе палкоўніка Падабеда сьцвярджаецца, што падчас службовай праверкі факты не пацьвердзіліся, а дзеяньні байцоў сьпецназу прызнаныя правамоцнымі.
Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што правы грамадзяніна Усянка Канстанціна ў чарговы раз былі парушаныя:
"У дадзеным выпадку быў парушаны Закон аб звароце грамадзянаў, у прыватнасьці артыкул 9, які забараняе накіроўваць заявы ў тыя органы і тым службовым асобам, дзеяньні якіх абскарджваюцца грамадзянамі. У дадзеным выпадку Канстанцін Усянок абскарджваў дзеяньні супрацоўніка палка міліцыі сьпецыяльнага прызначэньня, а пракуратура, замест таго, каб разьбірацца па сутнасьці скаргі, накіравала яе камандзіру палка Падабеду. Да таго ж, якім чынам была праведзена службовая праверка, цалкам незразумела, бо ні самога Усянка, ні сьведкаў нікуды не выклікалі, нават не выдалі даведку на правядзеньне судова-медыцынскай экспертызы, якую ён прасіў выдаць, каб падцьвердзіць факт зьбіцьця. У сваёй скарзе ён прасіў правесьці пракурорскую праверку і ўзбудзіць крымінальную справу. Таму я лічу правамоцным напісаньне другой скаргі ў пракуратуру з просзьбай узбуджэньня крымінальнай справы".
У бліжэйшыя дні Канстанцін Усянок зьбіраецца падаць другую заяву ў пракуратуру.