Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мікалай Аўтуховіч страціў ад голаду прытомнасць 16:38, 01/06/2006
Сёння ў Гродне ў Кастрычніцкім раённым судзе працягваўся працэс па крымінальнай справе супраць Мікалая Аўтуховіча, які галадае за кратамі з 13 красавіка. Высветлілася, што пасля апошняга судовага паседжання ў мінулы аўторак ён страціў прытомнасць, і яго паклалі ў турэмнай медчасці пад кропельніцу, паведаміла «Радыё Свабода».
Сёння падсудны выглядаў значна лепей, быў упершыню паголены і пастрыжаны і актыўна ўдзельнічаў у працэсе. Праўда, ён па-ранейшаму заяўляе, што галадоўкі не спыніць, пакуль яму не зменяць меры стрымання.
Турэмны фельчар, які другі раз дзяжурыў у судзе каля клеткі з Мікалаем Аўтуховічам, перадаў суддзю Мікалаю Рачынскаму хадайніцтва з просьбай не зацягваць працэс з увагі на здароўе падсуднага — яго трэба шпіталізаваць.
Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць у тым, што ён, ажыццяўляючы ў Ваўкавыску пасажырскія перавозкі на ўласных таксоўках, не заплаціў усіх падаткаў – а гэта пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму пагражае абмежаванне свабоды (так званая “хімія”) альбо зняволенне да 7 гадоў і канфіскацыя маёмасці. Цяперашняя галадоўка падсуднага за кратамі — другая. Першы раз ён галадаў 74 дні, і яго выпусцілі пад хатні арышт. Праз некаторы час Аўтуховіч уцёк і хаваўся, яго затрымалі цераз два месяцы і зноў узялі пад варту.