Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
За зьдзек з дэмакратычнай апазыцыі – крымінальная адказнасьць 13:34, 06/06/2006
У Польшчы групе былых супрацоўнікаў камуністычнай службы бясьпекі прад`яўленыя абвінавачаньні ў “камуністычным злачынстве” – зьдзеках з актывістаў дэмакратычнай апазыцыі. Былым афіцэрам, якія парушылі закон, пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня, паведамляе “Радыё Свабода”.
Дагэтуль у большасьці працэсаў супраць былых супрацоўнікаў камуністычных спэцслужбаў іх абвінавачвалі ў непасрэдным зьбіцьці арыштаваных апазыцыянэраў нагамі, дубінкамі, рукаяткай пісталету, ці, скажам, у выстаўленьні арыштаваных у адной ніжняй бялізьне ў акно сьледчага ізалятару ўзімку.
Аднак ня толькі гэта было злачынствам – пяцёра былых афіцэраў службы бясьпекі адкажуць за тое, што ў 1982 годзе, калі ў краіне было ваеннае становішча, у часе шматгадзінных допытаў пазбаўлялі арыштаваных актывістаў “Салідарнасьці” ежы і вады, пагражалі звальненьнем з працы, пазбаўленьнем бацькоўскіх правоў, рэпрэсіямі супраць блізкіх сваякоў.
Паводле пракурораў з Інстытуту нацыянальнай памяці, гэта былі злачынныя дзеяньні нават паводле дэкрэту аб ваенным становішчы.
Між тым, у Польшчы працягваюцца праверкі мінулага цяперашніх супрацоўнікаў паліцыі. Паводле віцэ-прэм`ера і міністра ўнутраных справаў Людвіка Дорна, у службах вольнай Польшчы ня могуць працаваць тыя, хто калісьці зьбіваў дэманстрантаў і выкарыстоўваў сілу супраць апазыцыянэраў у часе допытаў.
“Ідэя разьвітацца з тымі, хто ў камуністычныя часы выконваў важныя функцыі ў апараце рэпрэсіяў, а цяпер працягвае працаваць у паліцыі, цалкам лягічная. Але ніякай “разьні немаўлятаў” ня будзе. Той, хто, напрыклад, быў толькі тэхнічным супрацоўнікам, можа спаць спакойна”, -- заявіў Дорн.
Паводле былых актывістаў “Салідарнасьці”, судовыя працэсы над іхнымі былымі катамі маюць сэнс перадусім тады, калі яны пакажуць цяперашнім паліцыянтам і супрацоўнікам спэцслужбаў, што нельга ніколі, ні пры якім рэжыме, парушаць закон і паступаць немаральна, бо за гэта раней ці пазьней прыйдзецца адказаць.