Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Студэнта судзілі за нацыянальны сьцяг на матчы Беларусь-Расея 14:51, 13/06/2006
Cёньня суд Цэнтральнага раёну Гомелю вынес папярэджаньне студэнту першага курсу Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны Зьмітру Жалезьнічэнку. Навучэнцу інкрымінуецца выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі падчас таварыскай сустрэчы паміж моладзевымі зборнымі Беларусі й Расеі. Юнак абвінавачаны ў тым, што падтрымліваў беларускую каманду бел-чырвона-белым сьцягам, паведамляе “Радыё Свабода”.
16 траўня ў Гомелі адбыўся таварыскі матч паміж моладзевымі зборнымі Беларусі й Расеі. На сустрэчы прысутнічалі ганаровыя госьці — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас (ён жа старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу) і старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Якабсон. Як часта бывае ў такіх выпадках, каманды разышліся мірам — 0:0.
Аднак для аднаго з заўзятараў гэтая фармальная спартовая сустрэча мела наступствы. Студэнт першага курсу факультэту прыкладной матэматыкі Зьміцер Жалезьнічэнка, які зь бел-чырвона-белым сьцягам прыйшоў падтрымаць беларускіх гульцоў, здолеў паглядзець толькі першы тайм. Калі ў перапынку юнак, накінуўшы на плечы сьцяг, выйшаў за трыбуны, яго адразу ж затрымалі амапаўцы.
Досьвед паказвае, што падтрымліваць беларускіх спартоўцаў нацыянальнай сымболікай без наступстваў можна толькі за межамі Беларусі. У часе нядаўняга хакейнага чэмпіянату сьвету ў Латвіі колькасьць афіцыйных і бел-чырвона-белых сьцягоў на трыбунах была прыкладна аднолькавая. Некалькі гадоў таму такую ж карціну можна было ўбачыць на аналягічным першынстве ў Фінляндыі.
У паўфінале Кубку Дэвіса ў ЗША, калі сустракаліся тэнісісты Злучаных Штатаў і Беларусі, трыбуны былі расквечаныя выключна нацыянальнай сымболікай.