Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Увечары 12 чэрвеня ў Сьветлагорску (Гомельская вобласьць) міліцыяй былі затрыманыя двое грамадзянаў за тое, што павесілі на інфармацыйнай тумбе плякат “Сьветлагорск – за свабоду!”.
Плякат вывесілі на цэнтральнай вуліцы гораду беспартыйная Натальля Бордак і сябра Партыі БНФ Тэльман Масьлюкоў. Патрульныя міліцыянты, якія ў гэты час праязджалі па вуліцы, зьнялі яго і запатрабавалі, каб грамадзяне паехалі зь імі ў раённы аддзел унутраных справаў “для высьвятленьня асобаў” (хоць Т. Масьлюкоў прад’явіў вадзіцельскія дакумэнты).
У аддзеле міліцыі на працягу прыкладна 30 хвілінаў міліцыянты пісалі рапарт і пратакол выняцьця плякату, а таксама па тэлефоне правяралі ў Гомелі сапраўднасьць асабістых дадзеных затрыманых. Калі Н. Бордак і Т. Масьлюкоў спыталі, чаму не складзены пратакол затрыманьня, міліцыянты адказалі, што яны нікога не затрымлівалі, і што грамадзяне прыехалі ў аддзел міліцыі па сваёй згодзе.
13 чэрвеня Н. Бордак і Т. Масьлюкоў накіравалі заявы начальніку раённага аддзелу міліцыі з просьбай растлумачыць, чаму яны былі затрыманыя без складаньня пратаколу аб затрыманьні, а таксама з просьбай вернуць плякат, каб зноў вывесіць яго на тым жа месцы.