Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Кіеве прэзэнтаваная сусветная кампанія «За свабоду палітвязьняў у Беларусі!» 23:48, 16/06/2006
У Дзень беларускай салідарнасці ў Кіеве адбылася прэсавая канфэрэнцыя, на якой была прэзэнтаваная сусьветная кампанія “За свабоду палітвязьняў у Беларусі!”. Прэсавая канфэрэнцыя адбылася ў агенцыі УНІАН. Зь беларускага боку ў ёй удзельнічалі кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, лідэр прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі і Юлія Казуліна, дачка былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, які зараз знаходзіцца пад арыштам. У прэсавай канферэнцыі ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі “Міжнароднай Амністыі”.
Як паведамляе “Радыё Свабода”, галоўнай мэтай кампаніі “За свабоду палітвязьняў у Беларусі” удзельнікі канфэрэнцыі лічаць данясеньне да ўкраінскіх СМІ праўдзівае інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі, каб яны не заставаліся абыякавымі да парушэньня правоў чалавека ў суседняй краіне.
На канфэрэнцыі было неаднаразова падкрэсьлена, што вялікая частка замежнага грамадзтва дагэтуль знаходзіцца ў палоне мітаў пра беларускую рэчаіснасьць.
"Разумееце, у чым справа: складана разьлічваць на эўрапейскую бюракратыю. Усе яны крыху палітыкі, крыху дыпляматы, крыху імкнуцца штосьці згладзіць. Ёсьць толькі адзін выхад: грамадзкае абурэньне, грамадзкі ціск, ціск незалежных сродкаў масавае інфармацыі. Тады мы, бадай, штосьці зможам зрабіць, прынамсі, зьберагчы сябе ад далейшых працэсаў такога кшталту", -- заявіў Юры Хашчавацкі.
Прадстаўнікі ўкраінскіх грамадзкіх арганізацыяў запэўнілі, што будуць працаваць для пашырэньня аб’ектыўнае інфармацыі пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Галіна Бочава, прадстаўніца “Міжнароднае Амністыі”, выказала падтрымку кампаніі ад імя сваёй арганізацыі:
"Міжнародная Амністыя далучаецца да ініцыятывы “Свабоду палітвязьням”, паколькі мы лічым беспадстаўныя перасьледы апазыцыі супрацьпраўным дзеяньнем у першую чаргу. Па-другое, мы заклікаем урад Беларусі вызваліць гэтых людзей, паколькі арыштамі людзей, якія проста выказвалі сваю думку, свае палітычныя перакананьні, вы парушаеце ня толькі свае міжнародныя забавязаньні, але і маральныя забавязаньні, як чалавечых істотаў", -- заявіла праваабаронца.
Напрыканцы прэсавай канфэрэнцыі арганізатары кампаніі “За свабоду палітвязьняў у Беларусі!” паабяцалі інфармаваць украінскія СМІ пра ўсе выпадкі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і пра далейшы лёс палітзьняволеных.