|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Вольга Iпатава: Беларусь вяртаецца да варварства 10:37, 16/06/2006 Асобна стаiць высяленне нянавiснага ўладзе Саюза беларускiх пiсьменнiкаў з Дома лiтаратара, пабудаванага на грошы сябраў Саюза. Развязанная ў канцы мiнулага стагоддзя вайна супраць беларускай элiты заканчваецца не толькi фактым высяленнем, але i практычным знiшчэннем пiсьменнiцкай бiблiятэкi. У Германii 1930-х гадоў кнiгi палiлi, на Беларусi пачатку 21 стагоддзя – няўгодныя кнiгi iзымаюць са школ i бiблiятэкаў. Гiсторыя, хай сабе i не са стопрацэнтнай дакладнасцю, паўтараецца. Субяседнiк ПАГОНI – былая старшыня Саюза беларускiх пiсьменнiкаў Вольга Iпатава. -Вольга Мiхайлауна, як Вы ацэньваеце апошнiя падзеi, якiя разгарнулiся вакол Саюза беларускiх пiсьменнiкаў? -Самае прыкрае ва ўсёй гэтай вазнi – расчляненне пiсьменнiцкай бiблiятэкi. Па-першае, прэзiдэнцкая бiблiятэка забiрае нашую, пiсьменнiцкую, бiблiятэку выбарачна. Гэта не што iншае як расчляненне аднаго цэлага? Бо нашая бiблiятэка – гэта не набор кнiг, гэта адзiны, жывы арганiзм. I прэзiдэнцкiя бiблiятэкары, забiраючы толькi самыя каштоуныя таму, нягледзячы на сваю адукацыю, могуць не ведаць пiсьменнiкаў з iншых краiнау былога Савецкага Саюза, якiя дарылi нам свае творы. У кожнай кнiжкi – свая гiсторыя, i кожны асобнiк каштоўны па-свойму. Гэта усё роўна як луг цвiтучы: вырываюць самыя яркiя кветкi, а тое, што здаецца непатрэбшчынай, пакiдаюць. Хаця на самой справе кожная кветка прыгожая сваёй прыгажосцю. Больш за тое, не мы павiнныя плацiць гэтыя капейкi за арэнду двух пакойчыкаў ва уласным Доме лiтаратараў, пабудаваным на ўласныя пiсьменнiцкiя грошы. Нам павiнныя даплочваць за эксплуатацыю памяшканняў. Учора (14 эрвеня. – Аутар.) я мела сустрэчу з намеснiкам старшынi Саюза беларускiх пiсьменнiкаў Мiхасём Скоблам. Дык вось, Мiхась Скобла прапанавау пiсьменнiкам пад распiску разабраць астатнiя кнiгi, якiя не спатрэбiлiся прэзiдэнцкiм бiблiятэкарам, сабе. Магчыма, у будучым мы здолеем праз суд вярнуць сабе бiблiятэку. Але што мы тады вернем? Астаткi бiблiятэкi, а не бiблiятэку. Нас рэжуць па-жывому. I гэта адбываецца усё на фоне адкрыцця Нацыянальнай бiблiятэкi. Нашая бiблiятэка хоць i створаная для пiсьменнiкаў, але з`ўляецца здабыткам усяе нацыi. Сёння Генрых Далiдовiч надрукаваў у «Звяздзе» невялiкую заметку пра тое, што створаная афiцыйная камiсiя, якая зоймецца вывучэннем бiблiятэк на прадмет выкарыстання пэўнай лiтаратуры. Гэта значыць, што няўгодныя кнiгi, ненавiсныя беларускай уладзе пiсьменнiкi будуць iзымацца з бiблiятэкаў. Цалкам зразумела, якiя лiтаратары падпадуць пад дзеянне «революционной нецелесообразности». Не маючы магчымасцi справiцца з сапраўднымi пiсьменнiкамi фiзiчна – праз афiцыйную лiквiдацыю СБП, улада iдзе на канфiскацыю твораў беларускiх пiсьменнiкау са школ, з бiблiятэк… Дарэчы, у часе судовага працэсу па iску Мiнюста аб лiквiдацыi Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, якi мы выйгралi, наш адвакат казаў, што пракурор мусiў апратэставаць загад мiнiстра адукацыi, паводле якога права выступаць у школах, перад аудыторыямi ў ВНУ маюць толькi прадстаунiкi афiцыйнага Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, а лiтаратары мусяць прасiць дазволу выступiць перад вучнямi ў СПБ. Гэта што ж, Аўруцiн будзе даваць дазвол Гiлевiчу, а Чаргiнец – Барадулiну? Па вялiкiм рахунку, Беларусь робiць чарговы крок да краiны варварскай, нецывiлiзаванай. -Вольга Мiхайлауна, а колькi тамоу увогуле налiчвае пiсьменнiцкая бiблiятэка? -Каля 20-цi тысячаў тамоў. Не ведаю, колькi забралi прэзiдэнцкiя бiблiятэкары, але ўсяго было 20 тысячаў кнiг. Парадокс увесь у наступным: калi рэжаце, то не рэжце па-жывому. Калi забiраеце – забiрайце ўсё, а не рабiце штучны адбор. Пазней, я думаю, мы змаглi б праз суд вярнуць нашую бiблiятэку… Увогуле, паглядзiце, хто з’яўляецца цяпер лаурэатамi Дзяржауных прэмiяў у галiне лiтаратуры? Я ведаю толькi двух лiтаратараў, якiя дзякуючы свайму таленту атрымалi дзяржпрэмii. Нават за Савецкiм Саюзам 95 адсоткаў лаўрэатаў Дзяржпрэмii былi дастойныя пiсьменнiкi i паэты, i толькi 5 адсоткаў удастойвалiся такога гонару дзякуючы поунай адданасцi уладзе. Цяпер знайсцi хоць аднаго ўганараванага дастойна пiсьменнiка – праблема. Нядаўна Сяргей Законнiкаў у газеце «Свободные новости плюс» прыводзiў цытаты з кнiжак цяперашнiх лаурэатаў – усе смяялiся з выняткаў, бо гэта – не лiтаратура. Ёсць лiтаратура, ёсць талент, а ёсць такая слабiзна, якой i высоўвацца няварта. Цяпер, я ведаю, кiраўнiцтва СПБ тэлефануе па усiх бiблiятэках, каб пiсьменнiкаў з нашага Саюза не прымалi, каб прымалi толькi iх… -Паглядзiце: Саюз беларускiх пiсьменнiкаў выселiлi. Высяляюць сiлай «Бацькаўшчыну», Скарынаўскi цэнтр, высяляюць «Беларускую энцыклапедыю» - усё, што мае хоць нейкi намёк на датычнасць да беларускага. Што ж гэта за тэндэнцыя такая? -А тэндэнцыя простая: усё беларускае, усё нацыянальнальнае, якое нават i кланяецца цяперашняй уладзе, знiшчаецца. Пры Генадзю Пашкову «Беларуская энцыклапедыя», да прыкладу, зняла з вокладкi кнiгаў герб «Пагоня», i нават навуковыя артыкулы пiшуцца з аглядкай на цяперашнюю палiтычную сiтуацыю. I тым не менш, хочаш не хочаш, а выдавецтва друкавала нацыянальныя навуковыя кнiгi, хоць i ў вернападданiцкiм духу. Раней беларуская дыспара не хацела вяртаць у Беларусь свае набыткi, дакументы, кнiгi. А мы пераконвалi замежных беларусаў у адваротным: маўляў, цяпер не 37-ы год. Мы памылялiся – рыхтуецца чарговы «Северо-Западный край». Але гэта ў гiсторыi Беларусi ўжо было. I чаго яны дабiлiся? Беларускае ўсё роўна жыве, беларускае ўсё роўна зберажэм. I «варожыя» нянавiсныя кнiжкi вернуцца. Гутарыу Юрый Коба
|