Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Закрыты суд над маладзёвымі актывісткамі 11:26, 10/07/2006
7 ліпеня суд Маскоўскага раёну разгледзеў адміністратыўныя справы па арт. 156 КаАП, заведзеныя на маладзёвых актывістак Крысьціну Шацікаву і Натальлю Гарачку, якая заяўлена сьведкам на працэсе над былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным, і вынес пакараньне ў выглядзе штрафу ў памеры дзьвюх базавых велічыняў кажнай.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, актывістак заводзілі ў будынак суду з чорнага ўваходу, каб ніхто не бачыў, бо ў гэты час шмат народу стаяла каля галоўнага ўваходу ў чаканьні пачатку другога судовага паседжаньня па справе Аляксандра Казуліна. Хадайніцтва Крысьціны Шацікавай аб тым, каб разгляд справы зрабілі адкрытым і запрасілі знаёмых актывісткі, якія знаходзіліся побач, судзьдзя адхіліла. Пратакол аб затрыманьні складаў міліцыянт Лаўранковіч, сьведкамі на судзе выступалі міліцыянты Левановіч і Голяс, апошні нават не прысутнічаў пры затрыманьні.
Пасьля завяршэньня паседжаньня дзяўчын адвезьлі ў Маскоўскі РАУС і, не патлумачыўшы прычын, сказалі, што да вечара яны будуць знаходзіцца там. На думку Крысьціны Шацікавай, гэта чарговая спроба затрымаць сьведку па справе былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Такім чынам, Натальля Гарачка да вечара знаходзілася ў аддзяленьні Маскоўскага РАУС. Сама ж Крысьціна пасьля скаргаў на кепскае самаадчуваньне была дастаўленая ў 1-ую клініку Менску, а адтуль, па настойваньню лекара, адпушчаная.