|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Я Чавэса бачыў 12:58, 25/07/2006, Зьміцер Панкавец, «Наша Ніва» Адзінай для шараговага чалавека магчымасьцю пабачыць высокага госьця было ўскладаньне кветак на плошчы Перамогі. Плянавалася, што вэнэсуэльскі лідэр павінен быў зьявіцца на плошчы а 13:40. Я й прыйшоў туды ў адпаведны час. У падземным пераходзе ўжо дзяжурылі прывезеныя аўтобусамі БРСМаўцы, ганаровая варта й прэзыдэнцкі аркестар. У кожнага, хто меўся ўбачыць Чавэса, да адзеньня мусіла быць прышпілена чырвона-зялёная стужка. Час і ішоў, а Чавэс усё не зьяўляўся. Некаторыя цішком пачалі выказваць крамольнае меркаваньне: можа зусім не прыедзе? Усе нэрваваліся. Рослыя хлопцы з Акадэміі фізычнага выхаваньня пыталіся адзін аднаго: а дзе тая Вэнэсуэла? Гэта ў Ціхім акіяне? Змучаны музыка з аркестру наракаў, што ад стомы ня ў стане ні сядзець, ні стаяць, ні ляжаць. Сьпёка (30 паводле Цэльсія) і смага сапраўды былі знакамітыя. Ускорасьці гледачоў пачалі выпускаць на пляц, мне ўдалося ўплішчыцца ў шэрагі лукамольцаў і прайсьці на плошчу. (Я быў, напэўна, адзіным без той чырвона-зялёнай стужачкі.) Прысутным раздалі беларускія і вэнэсуэльскія сьцягі (я ўзяў вэнэсуэльскі), каб ім вітаць прэзыдэнта баліварыянскай краіны. І калі ў пераходзе было яшчэ не бяды, то на сонцы стаяць было папросту немагчыма. Нейкаму пільнаму гэбісту не спадабалася саколка на маім суседзе з выявай амэрыканскага штандарту: «Ты ў першыя шэрагі ня лезь, а то і зусім сыдзі з плошчы», – ласкава параіў ён. Студэнты, пакутаючы ад сквару, спрабавалі паціху зьбегчы з сустрэчы, але іхнія выкладчыкі ў самым зародку перарывалі гэтыя несур’ёзныя парывы. Тым больш дзіўным выглядала тое, як на пляц нейкім чынам змаглі прарвацца два альканаўты з Завадзкога раёну. «Што вы тут робіце?» – было запытаньне ахоўнікаў. «На Чавэса прыйшлі паглядзець». «Валіце адсюль, пакуль не атрымалі, гэта ж закрытае мерапрыемства». Прайшлі ўжо дзьве гадзіна, а Чавэса ўсё няма. Сонца настолькі моцна нагрэла ў галаву аднаму сталаму мужчыну, што ён страціў прытомнасьць проста на прыступках пераходу. Усё б нічога, але праз пару хвіляў павінен быў якраз зьявіцца непараўнальны Ўга. У аўральным рэжыме была выклікана хуткая дапамога, і ўжо праз пару імгненьняў дзядуля ўжо быў унутры машыны. Пасьпелі – Чавэса яшчэ не было. Чамусьці мне здаецца, што пра гэты выпадак не згадае ніводзін дзяржаўны рэпарцёр. Вэнэсуэлец зьявіўся на плошчы ў суправаджэньні Віктара Шэймана ў той момант, калі гадзіньнік паказваў 16:00, а цярпеньне людзей было на мяжы. Чавэс адразу пачаў дасылаць тым, хто яго сустракаў, паветраныя пацалункі і бясконца прыкладаў руку да сэрца, паказваючы, што вельмі любіць нас. Ён зьзяў асьляпляльнай усьмешкай. Яшчэ некалькі хвілін – і вэнэсуэлец ужо ўсклаў да манумэнту кветкі, і пайшоў у народ. Чавэс доўга расказваў пра тое, як ён любіць дзяцей і моладзь, пра тое, што запрашае маладых беларусаў наведаць яго краіну. Уга дзяліўся плянамі, як ён скора пабудуе новы сьвет, дзе ня будзе бедных. Ня мог Чавэс не згадаць і пра свайго найлепшага хаўрусьніка – Кастра, ён паведаміў, што хоць Фідэлю хутка ўжо будзе восемдзесят, але ў душы ён застаецца ранейшым хлапчуком. Чавэс ідэальна адчувае сябе ў слове, ён бы мог гаварыць яшчэ гадзінамі, але яго няспынна ціснуў час. Яшчэ перад сыходам ён пасьпеў паціснуць рукі і паабдымацца з вэтэранамі, а таксама заклікаў усіх пачаць змагацца з сусьветным імпэрыялізмам. Не пасьпеў Чавэс сесьці ў машыну, як некаторыя навучэнцы ўжо далі лататы з пляцу, а Ўга на разьвітаньне працягваў махаць сваей магутнай рукой.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|