|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Сёньня Дзень Незалежнасьці 10:26, 27/07/2006 Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце прымаў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня на сваёй першай сэсіі. Гэтае пытаньне ўключылі ў парадак дня як першачарговае. Была ўтвораная адпаведная камісія ў складзе 35 народных дэпутатаў пад кіраўніцтвам тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету спадара Дземянцея. Тагачасны дэпутат Анатоль Вярцінскі ў інтэрв’ю “Радыё Свабода” згадвае, што на той момант свае Дэклярацыі аб сувэрэнітэце прыняла Расея і Ўкраіна. “Вядома ж, калі б не была прынята дэклярацыя Расеі, Украіны, то Дземянцей не рызыкнуў бы з такім пытаньнем выходзіць. Без катэгарычных пярэчаньняў прымаліся нават самыя радыкальныя палажэньні, скажам, аб стварэньні ўласнай грашовай сыстэмы, аб захаваньні нацыянальнай, гістарычнай сымболікі, аб праве на ўласныя збройныя сілы…Сама праца камісіі ішла ў такой атмасфэры. Ну, іншая справа, як разьвіваліся падзеі ўжо потым, на пленарных паседжаньнях Вярхоўнага Савету, – там ужо ішлі баталіі”. Самы актыўны ўдзел у гэтай справе прыняла апазыцыя БНФ, якая мела свой праект Дэклярацыі. У самы крытычны момант, калі Вярхоўны Савет дамогся, каб у Дэклярацыі было запісана, што Беларуская ССР выступае за заключэньне новай саюзнай дамовы, каля 28 апазыцыйных дэпутатаў дэманстратыўна выйшлі з залі Вярхоўнага Савету. У інтэрв’ю “Радыё Свабода” прыгадвае Лявон Дзейка: “Вось гэты выхад дэпутатаў з залі Вярхоўнага Савету, і мы ўжо потым удзел у пасяджэньні не прымалі, мне падаецца найбольш драматычным момантам”. І толькі ў жніўні 1991 году, калі ў Маскве праваліўся путч, на патрабаваньне апазыцыі БНФ Дэклярацыя нарэшце атрымала статус канстытуцыйнай сілы. Паводле Анатоля Вярцінскага у гэтым дакумэнце тлумачылася, што азначае само паняцьце сувэрэнітэт. “Дэклярацыя ўдакладняла, што дзяржаўны сувэрэнітэт сьцвярджаецца ў імя вышэйшай мэты – свабоднага разьвіцьця і дабрабыту, годнага жыцьця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забесьпячэньня правоў асобы. Вось адзін з парадоксаў нашага сёньняшняга грамадзка-палітычнага жыцьця – дакумэнт не адменены і ў той час яго не прымяняюць, больш таго – нават не згадваюць”. Паводле Лявона Дзейкі змаганьне за сувэрэнітэт і сёньня актуальнае: “Дзяржава незалежная трымаецца на грамадзтве, на людзях, на традыцыях гэтага народа, на грамадзянскай супольнасьці. Бачна, што нават сёньня ўсе гэтыя палітычныя зьняволеныя таксама церпяць за тое, што змагаюцца за незалежную краіну”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|