Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Мазыры (Гомельская вобласьць) абласны камітэт БРСМ і мазырская музыкальная “Арт-студыя” пачалі падрыхтоўку да рок-фэсту “Эх, RockНем!”. “Падобная ініцыятыва ўладаў і БРСМ зьяўляецца паказьнікам жаданьня дзяржавы кантраляваць любыя масавыя маладзёвыя ініцыятывы”, - мяркуе грамадзкі актывіст і вакаліст гурта “Siver” Мікола Бянько. Як паведамляе камітэт БРСМ, фэст будзе адбывацца восеньню на працягу трох дзён. Згодна з плянамі дзяржаўнай арганізацыі, у мерапрыемстве, апроч року, будуць прадстаўлены поп-музыка і брэйк.
Міколу Бяньку такая спроба горада правесьці рок-мерапрыемства пад эгідай уладаў і БРСМ нагадвае першыя фэстывалі рок-музыкі ў СССР напрыканцы 80-х гадоў. “Да прыкладу рок-фэст “Тры колеры”, адзін зь першых, адбыўся ў Менску пад патранажам камсамолу, хаця ўлады супрацьстаялі гэтаму. Аднак тады гэта было досыць прагрэсіўна і ўдала арганізавана. Арганізацыя ж мазырскага мерапрыемства – гэта адваротны прыклад. Тут ня толькі не ўлічваюцца сучасныя падыходы і мэтавая група, але і досыць выразна праяўляецца кантроль фэсту з боку дзяржавы. Бо немагчыма ўявіць, каб на гэтым мерапрыемстве выступілі забароненыя рок-гурты. Затое можна сказаць, у адрозьненьне ад альтэрнатыўных рок-фэстываляў, у Мазыры фэст адбудзецца дакладна, бо ня будзе праблемаў з пажарнікамі, МНС і, міліцыянтамі”, - падкрэсьліў Мікола Бянько ў інтэрв’ю belngo.info.