Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Гомельскай вобласьці страйкуюць рабочыя 13:12, 14/08/2006
У мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна на лесапункце замежнага прадпрыемства "Еўранатурпаркет" адбыўся страйк. Рабочыя ўчастка раскрыжоўкі лесу не прыступілі да працы. Яны патрабавалі выплаты заробку.
– Мы не працавалі, таму што нам не выплацілі заробак за чэрвень і ліпень. За май атрымалі тыдні тры таму. Заробкі не такія вялікія, каб жыць на іх доўгі час. Калі пачаўся страйк, праз некалькі гадзін з галаўнога офіса, што знаходзіцца ў Смалявічах пад Мінскам, прыехала наша вышэйшае начальства. Людзям зноў казалі: "Вы працуйце, а грошы будуць". Паабяцалі прывезці аванс 10 жніўня, -- паведаміў www.bulletinonline.org рабочы лесапункта.
10 жніўня ў Васілевічы заробак за чэрвень рабочым лесапункта так і не прывезлі.
Начальнік лесапункта Іван Ацута патлумачыў адсутнасць грошаў наступным чынам:
– Заробак мы атрымліваем з цэнтралізаванай бухгалтэрыі, якая знаходзіцца ў Смалявічах. За чэрвень бухгалтэрыя павінна выплаціць амаль 40 мільёнаў рублёў. Ніхто не атрымаў ні рубля. Наколькі я ведаю, "Еўранатурпаркет", да якога мы належым, знаходзіцца ў стадыі санацыі. Вырашаецца пытанне наконт перадачы прадпрыемства ў рэспубліканскую ўласнасць. Усе дакументы зараз знаходзяцца ў адміністрацыі прэзідэнта.
Лесапункт у Васілевічах займаецца валкай лесу, яго апрацоўкаю і сартыроўкаю. Людзі рыхтуюць асартыменты і адпраўляюць чыгункаю ў Смалявічы. Працуе тут 135 чалавек. Яны і забяспечваюць драўнінаю галаўное прадпрыемства, дзе выпускаецца паркет і паркетныя дошкі. Кіруе прадпрыемствам "Еўранатурпаркет" Васіль Петрынюк.