Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Фотавыстава «За свабоду й незалежнасьць» 14:56, 22/08/2006
24 жніўня адбудзецца адкрыцьцё фотавыставы “За свабоду й Незалежнасьць” – дакумэнтальнай фотакронікі падзеяў вясны 2006 г.
Фотавыстава мае на мэце узнавіць падзеі вясны 2006 году зь яе насычанай выбарчай кампаніяй, выбарамі, Плошчай, акцыямі пратэсту. Выстава складзеная са здымкаў фатографаў і фотамастакоў, якія былі самімі ўдзельнікамі падзеяў: Вікторыі Баранавай, Івана Голуба, Макса Жарына, Марата Сеттарова, Тацяны Гаўрыльчык, Юліі Дарашкевіч, Сяргея Коваса, Сяргея Серабро, Яўгена Законьнікава, Ігар Крашэўскага й інш.
Фатаграфіі згрупаваныя на вялікіх аркушах, кожны зь якіх паказвае той ці іншы аспэкт вясновага змаганьня: сустрэчы выбарнікаў з Аляксандрам Мілінкевічам, 19 сакавіка – дзень выбараў прэзыдэнта, 20 сакавіка – масавая акцыя пратэсту, намётавае мястэчка, 25 сакавіка – дзень Незалежнасьці, які скончыўся крывавым зьбіцьцём мірных дэманстрантаў, 26 красавіка – Чарнобыльскі шлях, 1 траўня – акцыя “За справядлівасьць”.
У адкрыцьці выставы прыме ўдзел лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, іншыя палітыкі. Пераможца фотаконкурсу-акцыі “Мой выбар” на сайце Plenka.net атрымае каштоўныя ўзнагароды.
Адкрыцьцё фотавыставы “За Свабоду й Незалежнасьць” пройдзе 24 жніўня ў 18:30 на Сядзібе Партыі БНФ.