Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Правакацыі супраць Мікалая Статкевіча не спыняюцца 16:02, 23/08/2006
Лідэр сацыял-дэмакратаў, палітвязень Мікола Статкевіч падчас тэхнічнага агляду свайго аўтамабіля знайшоў побач з сядзеньнем вадзіцеля схаваны пад анучамі шпрыц з рэшткамі бясколернай вадкасьці сьпецыфічнага паху. Мікола Статкевіч лічыць гэта правакацыяй. Палітык адбыў палову тэрміну (з улікам 1 года “амністыі”) ужо 29 ліпеня 2006 года і мае права на датэрміновае вызваленьне. Неабходныя дакументы дзеля гэтага ўжо сабраныя.
Калі б Статкевіч паехаў, то, акрамя абвiнавачванняў у парушэннi рэжыму (зараз, на думку праваахоўных органаў, ён не мае права кiраваць аўтамабілем да канца тэрміну зьняволеньня), мог быць абвінавачаны ва ўжываньні наркотыкаў. Дарэчы, маглі быць непрыемнасьці і ў выпадку, калі б ён своечасова не знайшоў падкінуты небясьпечны “сюрпрыз”. Трэба тут адзначыць, што гэта не адзіная правакацыя супраць лідэра сацыял-дэмакратаў на працягу апошніх тыдняў.
Напрыклад, у дзень, калi павiншаваць Мiкалая Статкевiча з юбiлеем у Баранавiчы прыехалi яго сябры i паплечнiкi, не “забыліся” пра юбіляра і работнікі Баранавіцкай камендатуры па нагляду за захаваньнем рэжыму адбыцьця пакараньня зьняволенымі. Як заўсёды, пад канец дня наведаўся “таварыш маёр”. Яго вельмі “хвалявала” самаадчуваньне Мікалая Статкевіча пасьля сьвяткаваньня дня народзінаў. Але наглядчыкі былі расчараваныя: Мікалай ў добрым настроі і цьвярозым розуме. Ды яшчэ прапанаваў сок і “таварышу маёру”.
Мікалай Статкевіч заявіў з гэтай нагоды наступнае: “За апошнія тыдні мяне спрабавалі “напаіць”, а потым павезьлі правяраць кроў на алкаголь. Настойліва запрашалі ўдзельнічаць у пікеце, які пасьля маёй адмовы так і не адбыўся. Далей... Пад час майго прыходу на працу мяне пачалі кантраляваць ня толькі работнікі камендатуры, як звычайна, але ў дадатак яшчэ і “сексоты” мясцовага КДБ. Цяпер вось паспрабавалі зрабіць зь мяне наркамана. Па логіцы, правакатарам засталося падкінуць мне толькі зброю. Зараз прыйдзецца рэгулярна правяраць кішэні, каб не апынуцца выпадкова ўладальнікам якога-небудзь “арсеналу боепрыпасаў”. Таму прашу давесьці да ведама грамадзкасьці інфармацыю пра новы віток правакацыяў у адносінах да мяне. Уся гэтая валтузьня, верагодна, мае на мэце перагляд маёй справы ў бок больш суровага пакараньня.”