|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
14 верасня суд можа разгледзіць касацыйныя скаргі Мікалая Астрэйкі і Цімафея Дранчука 16:03, 31/08/2006 Яўгенія Аляксандраўна, маці Міколы Астрэйкі, гэтак жа, як і Валянціна Рыгораўна, маці Цімафея Дранчука, амаль штодня наведваюць “валадарку”. Трэба перадаць нешта з прадуктаў ці лекаў або зрабіць грашовы перавод, а самае галоўнае – спаткацца, пакуль ёсць такая магчымасць. Да разгляду касацыйнай скаргі, паводле папярэдніх звестак, застаюцца два тыдні. У выпадку, калі прысуд набудзе сілу, Мікола і Цімафей, верагодна, пакінуць Валадарскага, 2 -- іх чакае змена камеры СІЗА на так званую “зону”. Ці спадзяюцца маці палітвязняў на апраўдальны прысуд? Аб гэтым жанчына расказваюць прэс-цэнтру Хартыі97. Яўгенія Астрэйка: “Цяжка што-небудзь казаць, баюся сурочыць. Я маці, а не палітык. І дагэтуль пад уражаннем суда і вельмі жорсткага прысуду майму сыну. Два гады – за што? Гэта нават не пакаранне. Гэта гвалт. У Колі з Палінай у кастрычніку павінна нарадзіцца дачушка – хіба ж не змякчальныя акалічнасці? Хіба можна быць такімі бязлітаснымі там, дзе дакляруецца справядлівасць?”. Валянціна Дранчук: “У Цімафея дома сям’я, чакае пяцімесячны сын, якога ён не трымаў на руках. Я не ведаю, ці будзе гэта ўлічана. Ці будзе ўлічана права дзіцяці, канкрэтна майго ўнука Платона, на клопат, спагаду і дабрыню. Калі ў суддзяў ёсць сэрцы, яны прымуць рашэнні на апраўданне абвінавачаных або хоць бы на змякчэнне прысуду. Але тое, што ўжо адбылося, мяне кідае ў роспач. Існуюць загады, а не маральныя нормы, замацаваныя ў шэрагу прававых дакументаў. Чым будзе кіравацца гарадскі суд, хутка пабачым. У судовай сістэмы яшчэ ёсць магчымасць зрабіць крок назад, апраўдаць тых, хто падаў скаргу на несправядлівы вырак”. -- Акурат дзесяць дзён, як двое з чатырох актывістаў – Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка -- выйшлі на волю. Ці адбыліся ў Вас якія-небудзь кантакты з імі? Спадарыня Яўгенія: “Нам патэлефанавала Эніра Браніцкая, гэта была прыемная гутарка, мы выказалі і радасць, і спачуванні. Пра іншае, скажам, што рабіць далей, як разам дапамагчы Міколу і Цімафею, пакуль не гаварылі.” Спадарыня Валянціна: “Не, такога не было. Аднак у прэсе, часткова ў інтэрнэце я старанна праглядала публікацыі, дзе Эніра і Аляксандр выказваюцца, ці, наогул, што пішуць пра іх вызваленне.” -- І што можаце сказаць? Спадарыня Валянціна: “Не ўсё, магчыма, залежыць ад іх, ёсць пэўная эйфарыя, залішняя сенсацыйнасць гэтай падзеі. На мой погляд, на другім плане застаецца ўсё ж вельмі сумны факт – яны ахвяры жорсткай расправы, яны закладнікі. Прызнаюся, мяне ў гэтым сэнсе вельмі здзівілі словы А.Шалайкі ў інтэрв’ю “Нашай ніве”, што ўсю праўду казаць ён і не збіраецца, бо гэтым самым – калі скажа! -- рызыкуе падарваць аўтарытэт вельмі патрэбных краіне службаў, такіх як судовыя інстанцыі, дзяржбяспека ды інш. На мой погляд, гэта або няшчыра або выпадковы і недарэчны жарт. Калі чалавек гэтага баіцца, навошта тады займацца незалежным назіраннем. Трэба ісці ў адміністрацыю прэзыдэнта.” Спадарыня Яўгенія: ”Я таксама была здзіўлена. Хто ж скажа праўду, як не яны. Адвакаты дагэтуль маўчаць, нічога не кажуць. Магчыма, Шалайку і Браніцкую запалохалі. Так трэба разумець? Я лічу, што не варта ратаваць рэжымны мундзір, гэта ёсць каму рабіць і без нас. Трэба бараніць свой гонар, сваю годнасць і сваіх таварышаў. Трэба біць у званы, казаць, што мы ні ў чым невінаватыя. Гэта не “мяккі прысуд”, як падаецца Аляксандру і Эніры (якія, з чым параўнанні, тут поўная супярэчнасць?!), а гэта здзек і правакацыя. Абвінавачанне, па якім усе ўчатырох сядзелі шэсць месяцаў пад вартай, было знятае з-за недаказанасці. Супраць іх не паказаў ніводзін сведка, што яны быццам бы замахваліся на чые-небудзь правы. Праўда і толькі праўда патрэбная. Праз два тыдні будзе пераглядацца рашэнне суда, значыць, трэба гэтую праўду сказаць, каб яе пачулі. -- І апошняе пытанне. Ці збіраецеся Вы, бацькі, родныя Мікалая і Цімафея ініцыяваць пэўныя захады на іх вызваленне ў бліжэйшы час? Спадарыня Яўгенія: “Найбольш рэальна -- гэта правесці прэсавую канферэнцыю з удзелам вядучых праваабаронцаў, нас, бацькоў, і, калі будзе згода, Аляксандра Шалайкі і Эніры Браніцкай. Трэба шмат сказаць, паспрабаваць давесці да грамадскасці стрыжнявыя паняцці. Справа актывістаў “Партнёрства” мае шмат адценняў дый прысуд яшчэ не ўступіў у сілу.” Спадарыня Валянціна: “Я ведаю, пэўныя дакументы пайшлі ў міжнародныя інстанцыі. Рэакцыя станоўчая – пытанне мае быць разгледжана ў тэрміновым парадку, факты парушэнняў успрынятыя экспертамі як надзвычай актуальныя. Што да прэс-канферэнцыі, гэта ўжо магло адбыцца, літаральна на трэці дзень пасля выхаду Аляксандра і Эніры. Аднак будзе лепш, калі пра гэта скажуць яны самі – хочуць альбо не хочуць сустракацца з журналістамі. Я ведаю, што прэс-канферэнцыя ўжо рыхтуецца і мае адбыцца на пачатку наступнага тыдня.”
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|