Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч: «Камуністаў знішчаюць за адданасць ідэалам дэмакратыі» 17:45, 26/09/2006
Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч выказаў пратэст з нагоды спробаў міністэрства юстыцыі ліквідаваць Партыю камуністаў Беларускую: «Камуністаў знішчаюць за іх адкрытасць, адданасць ідэалам дэмакратыі і смеласць у апошнія гады і асабліва ў часе палітычнай кампаніі-2006. Сяргей Калякін узначальваў мой выбарчы штаб, а ПКБ доўгі час была цэментуючым вязьмом кааліцыі. Рэжым, па нейкай, толькі яму зразумелай прычыне, лічыў камуністаў “сваімі”. І жорстка памыліўся. У складаных умовах нам удалося адкінуць ідэйныя рознасці, пазбегнуць супярэчнасцяў і працаваць разам. Вынікі гэтай працы не маглі не заўважыць касталомы ад рэжыма – ПКБ ліквідуюць першай. Упэўнены, з дапамогай сяброў іншых кааліцыйных партый, сапраўдныя камуністы не здадуць ПКБ», - заявіў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.
Нагадаем, што сёння міністэрства юстыцыі накіравала ў Вярхоўны суд пазоў аб прыпыненні дзейнасці Партыі камуністаў Беларускай.
Паводле мін`юсту, гэта зроблена ў сувязі з тым, што кіраўніцтва ПКБ адмаўляецца падаць звесткі аб асабовым складзе партыі. За гэта камуністам раней было вынесенае папярэджанне. Аднак ПКБ адпаведныя дакументы не падала, бо лічыць патрабаванне незаконным і ўжо абскардзіла папярэджанне ў Вярхоўным судзе.
Лідэр партыі Сяргей Калякін лічыць, што шляхам прыпынення дзейнасці ўлады хочуць не дапусціць ПКБ да ўдзелу ў мясцовых выбарах. На ягоную думку, Вярхоўны суд не мусіць прымаць да разгляду пазоў мін`юсту, пакуль не вывучыць скаргу ПКБ на папярэджанне, падае радыё Свабода.