|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Начальнік Віцебскага УУС распавёў аб жудасных умовах утрыманьня вязняў 16:08, 27/09/2006 Некальнікі словаў пра перадгісторыю зьяўленьня дакументу. У Оршы вырашылі пабудаваць новы Ізалятар часовага ўтрыманьня. Добра. Але абурэньне мясцовых краязнаўцаў выклікаў той факт, што будынак планавалася ўзьвесьці на фундаменце Сьвята-Пакроўскага жаночага манастыра. Каб прадухіліць гэтае будаўніцтва, краязнаўцы накіравалі адпаведны зварот у некаторыя зацікаўленыя ведамствы. І вось з Упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму прыйшоў ліст, у якім начальнік упраўленьня пераконвае мясцовую інтэлігенцыю ў неабходнасьці пабудовы новага ізалятару. Фактычна, у гэтым адказе апісаныя праблемы, характэрныя для большасьці месцаў пазбаўленьня волі нашай краіны. Вось гэты ліст (у перакладзе на беларускую мову): "Краязнаўцам г. Оршы (указваюцца прозьвішчы) Паважаныя грамадзяне! Уважліва вывучыўшы Вашае прашэньне, паведамляю, што існуючы Ізалятар часовага ўтрыманьня разьмешчаны ў падвальным памяшканьні Аршанскага РАУС па адрасе: вул. Леніна, 20. Будынак пабудаваны ў 1951 годзе. Сярэднесуткавая напаўняльнасьць разьлічаная на 35 чалавек. За 2005 год фактычна сярэднесуткавая напаўняльнасьць ІЧУ склала 123 чалавекі. З-за вялікай шчыльнасьці людзей, якія ўтрымліваюцца ў камерах, магутнасьці вентыляцыі не хапае дзеля забесьпячэньня патрэбнага паветраабмену, у выніку чаго камеры кепска праветрываюцца, накопліваецца вільготнасьць і сырасьць, парушаюцца санітарныя нормы ўтрыманьня сьпецкантынгенту. У ІЧУ адсутнічае санпрапускнік з душавой і дэзкамерай, няма прагулачнага двара. Камеры не абсталяваныя санвузламі, няма гарачай вады. Надзвычай цяжка правесьці своечасовую дэзінфекцыю і рамонт камераў, адсутнічае магчымасьць выкананьня ўсталяванага рэжыму ўтрыманьня. Непаўнагадовыя ўтрымліваюцца з дарослымі, раней судзімыя – з несудзімымі, асуджаныя – з арыштаванымі. Ствараюцца перадумовы дзеля надзвычайных здарэньняў, паколькі відавочная колькасная перавага тых, хто ўтрымліваецца ў камерах, можа справакаваць напад на састаў нарадаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.12.2005 году №588 "Аб зацьвярджэньні Дзяржаўнай інвестыцыйнай ппраграмы на 2006 год", аб’ект "Ізалятар часовага ўтрыманьня ГАУС г. Оршы" уключаны ў інвестыцыйную праграму на 2006 год". Праваабаронца Алесь Бяляцкі называе такія ўмовы ўтрыманьня зьняволеных у беларускіх месцах пазбаўленьня "антыгуманнымі і бесчалавечнымі, якія парушаюць Канвенцыю ААН супраць катаваньняў". Ён лічыць, што пенітэнцыярная сістэма Беларусі патрабуе неадкладнага рэфармаваньня. Дарэчы, аршанскія краязнаўцы дамагліся таго, каб гістарычная каштоўнасьць засталася некранутай – новы ізалятар будуюць на іншым месцы.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|