Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мілінкевіч: Апазіцыя павінна выйсці за межы Палітрады 15:55, 02/10/2006
Сёння ў эксклюзіўнай размове з «Радыё Свабода» лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч заявіў пра фармаванне структур Руху “За свабоду”. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, Палітычная рада дэмакратычных сілаў, якую ён узначальвае, не змагла эфэктыўна рэалізаваць ідэю руху “За свабоду!”, бо засяродзілася апошнім часам на ўнутраных праблемах.
“Я сёньня бачу, што Палітрада ня можа стацца ядром гэтага руху, і бяру проста на сябе адказнасьць за рэалізацыю таго, што было абяцана і было ўспрынята з такой радасьцю людзямі”, -- сказаў Мілінкевіч.
Паводле спадара Мілінкевіча, сёньня людзі патрабуюць, каб такі агульны рух быў створаны, бо ня ўсе жадаюць уступаць у партыі й грамадзкія аб’яднаньні, і ім трэба дапамагчы ў самаарганізацыі. Аляксандар Мілінкевіч заявіў пра фармаваньне аргкамітэту руху “За свабоду!” на чале зь Віктарам Карняенкам, які будзе дзейнічаць у легальным рэчышчы, фармуючы рух згодна з Канстытуцыяй.
Аляксандар Мілінкевіч плянуе асабістыя сустрэчы з патэнцыйнымі валянтэрамі руху па ўсёй краіне:
“Перш за ўсё праца зь людзьмі: інфармаваньне людзей, кампанія салідарнасьці, якая павінна працягвацца, ціск на ўладу, візуалізацыя руху, каб усе бачылі, што нас шмат, ужо сёньня шмат людзей ходзіць са значкамі, налепкамі… Самае ж галоўнае, каб людзі, якія далучыліся да нас, мелі канкрэтную працу, супольную і скаардынаваную, нам трэба выйсьці й з Палітрады, за межы Менскай кальцавай дарогі”.
Сёньня на некаторых незалежных інфармацыйных сайтах зьявілася інфармацыя пра тое, што Аляксандар Мілінкевіч нібыта зьбіраецца адмовіцца ад статусу лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Спадар Мілінкевіч выказаў зьдзіўленьне з гэтай нагоды:
“Я абвяргаю тое, што я нібыта зьбіраюся пакідаць Палітраду, у склад якой я быў абраны на кангрэсе, я застаюся старшынём Палітрады, гэта мой маральны абавязак”.
Мілінкевіч спадзяецца, што з часам крызісныя тэндэнцыі будуць пераадоленыя. Ствараючы рух “За свабоду!” ў больш аўтаномным рэжыме, спадар Мілінкевіч спадзяецца на шчыльнае супрацоўніцтва руху з існымі партыямі й аб’яднаньнямі. Пра сёньняшняе сваё рашэньне спадар Мілінкевіч хоча паведаміць Палітрадзе на наступным паседжаньні, але з шэрагам лідэраў партыяў ён правёў кансультацыі на гэты конт.